На экранах тэлевізараў у фае навучальных карпусоў ГрДУ імя Янкі Купалы трансліруюцца відэафільмы пра гісторыю ўніверсітэта, значныя падзеі і людзей, якія ўнеслі ўклад у развіццё alma mater.
Ініцыятарам мерапрыемства выступіў Музей гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы. Як адзначыў кіраўнік музея Мікалай Макарэеў, падобныя акцыі прышчапляюць маладым людзям пачуццё добрага гонару, глыбокай пашаны да роднай alma mater і стымулююць студэнтаў да актыўнай дзейнасці на карысць свайго ўніверсітэта.
Праект стартаваў адначасова ў чатырох навучальных карпусах. У адкрыцці прынялі ўдзел прадстаўнікі факультэта матэматыкі і інфарматыкі, педагагічнага і філалагічнага факультэтаў, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
Так, студэнтам факультэта матэматыкі і інфарматыкі былі прадэманстраваны два фільмы, у якіх адлюстравана гісторыя развіцця навукова-педагагічных школ і асобных кафедраў факультэта, расказаны жыццёвыя гісторыі найбольш вядомых выпускнікоў. Акрамя таго, сваімі ўспамінамі аб універсітэце са студэнтамі падзяліліся прафесар кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных раўнанняў і алгебры Іван Мартынаў і намеснік дэкана факультэта матэматыкі і інфарматыкі па выхаваўчай рабоце Ірына Трыфанава.
Фільм аб навуковым і творчым шляху прафесара кафедры рускай філалогіі Аляксея Нікіцевіча паглядзелі прадстаўнікі філалагічнага факультэта. Фільмы, прадэманстраваныя на педагагічным факультэце, былі прысвечаны святкаванню 50-годдзя факультэта, а таксама жыццё і навуковую дзейнасць прафесара Чэслава Кірвеля, які прысутнічаў на мерапрыемстве і дапоўніў расказанае пра яго ў фільме ўспамінамі. Аб сваім навуковым і педагагічным шляху распавяла таксама дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання Ганна Сідарчук.
На факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму адбыўся паказ фільмаў аб дзейнасці прафесара кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі Людмілы Рычковай, а таксама пра станаўленне і развіццё факультэта. У мерапрыемстве на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму прыняў удзел гісторык, педагог і краязнаўца, публіцыст і грамадскі дзеяч, выпускнік 1969 года гістарычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Уладзімір Егорычаў.
Па словах арганізатараў, падобныя мерапрыемствы стануць традыцыйнымі ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Ужо ў бліжэйшую пятніцу студэнтам пакажуць новыя фільмы пра гісторыю alma mater.