Студэнцкі злёт, арганізаваны пры падтрымцы ПА ГА БРСМ універсітэта і прафкама студэнтаў, прайшоў з 25 па 27 мая ў раёне в. Нямнова.
Удзел у мерапрыемстве прынялі дзевяць каманд факультэтаў ГрДУ імя Янкі Купалы.
У праграме злёту прайшла камбінаваная турысцкая эстафета, якая складалася з воднага, веласіпеднага і пешаходнага этапаў, спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, якія ўключылі начную і дзённую дыстанцыі, конкурсы «турысцкае сумо», дартс, турысцкі валейбол, «мокры» футбол і многае іншае.
Па выніках спаборніцтваў першае месца заняла зборная каманда выпускнікоў факультэта фізічнай культуры, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму і факультэта матэматыкі і інфарматыкі. На другім месцы - каманда факультэта фізічнай культуры. Трэцімі сталі студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
На ўрачыстым закрыцці арганізатары мерапрыемства ў асобе сакратара ПА ГА БРСМ універсітэта Андрэя Есіна, дацэнта кафедры спартыўных дысцыплін Эдварда Ародзя і старэйшага выкладчыка кафедры спартыўных дысцыплін Віталія Тарасава ўручылі падарункі і кубкі пераможцам і прызёрам мерапрыемства.