У мерапрыемстве, якое праходзіць 20-21 чэрвеня ў Нур-Султане, прымаюць удзел больш за 46 прадстаўнікоў універсітэтаў Беларусі і Казахстана.
У рамках візіту 20 чэрвеня адбылося VII пасяджэнне рабочай камісіі па каардынацыі дзейнасці Навукова-адукацыйнага кансорцыума вышэйшых навучальных устаноў і НДІ Беларусі і Казахстана. Яго ўдзельнікаў павіталі віцэ-міністр адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан Бібігуль Асылава, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Анатоль Нічкасаў, прэзідэнт Назарбаеў Універсітэта Шыгеа Катсу, рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Харытончык.
Першы прарэктар ЕНУ імя Л.Н.Гумілёва Асемгуль Малдажанава акрэсліла задачы па абмеркаванні і ўзгадненні стратэгічнага развіцця супрацоўніцтва паміж ВНУ на сучасным этапе для дасягнення інавацыйнага і навуковага прарыву, сумесных казахстанска-беларускіх праектаў, пасля чаго праца пасяджэння Кансорцыума працягнулася ў трох секцыйных сесіях. У рамках секцый былі абмеркаваны вынікі выканання Плана мерапрыемстваў навукова-адукацыйнага кансорцыума, а таксама тэндэнцыі развіцця і інтэграцыі вышэйшай адукацыі ў Еўразійскую адукацыйную прастору. Акрамя таго, адбылася трансляцыя інавацыйнага вопыту Назарбаеў Універсітэта ў сферы адукацыі і навукі.
Удзельнікі VII пасяджэння рабочай камісіі па каардынацыі дзейнасці Навукова-адукацыйнага Кансорцыума вышэйшых навучальных устаноў і НДІ Беларусі і Казахстана зацвердзілі сумесны План мерапрыемстваў на 2019 - 2020 гг.
Праца VII пасяджэння рабочай камісіі па каардынацыі дзейнасці Навукова-адукацыйнага кансорцыума вышэйшых навучальных устаноў і НДІ Беларусі і Казахстана працягнулася ў ЕНУ імя Л.Н. Гумілёва. Тут, 21 чэрвеня, прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі ў складзе беларускай дэлегацыі азнаёміўся з матэрыяльнай і лабараторнай базай універсітэта, а таксама арганізацыяй навучальнага працэсу. У рамках мерапрыемства адбылася серыя падпісання мемарандумаў: ЕНУ імя Л.Н. Гумілёва з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам.
Варта адзначыць, што падчас візіту ў Казахстан быў прэзентаваны навуковы і адукацыйны патэнцыял ГрДУ імя Янкі Купалы замежным удзельнікам, а таксама ўзгоднены План мерапрыемстваў навукова-адукацыйнага кансорцыума на 2019-2020 гг. Плануецца, што ў далейшым ГрДУ імя Янкі Купалы будзе працягваць актыўна развіваць супрацоўніцтва з універсітэтамі Казахстана ў адукацыйнай і навуковай сферах.
Па матэрыялах ЕНУ імя Л.Н.Гумілёва і ўлас. інф.