Летняя школа пройдзе на факультэце эканомікі і кіравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з 8 па 18 ліпеня. Навучанне будзе праводзіцца на англійскай і польскай мовах.
У гэтым годзе міжнародная Летняя школа праводзіцца кафедрай міжнароднага бізнесу і маркетынгу на актуальную тэму «Менеджмент і маркетынг у HoReCa». Удзельнікамі мерапрыемства сталі 11 студэнтаў, магістрантаў і дактарантаў з Літвы, Польшчы і Ірака, а таксама 6 з Беларусі.
Як распавяла дэкан факультэта эканомікі і кіравання ГрДУ імя Янкі Купалы Марына Карпіцкая, цікавасць да Летняй школы праяўляюць прадстаўнікі як постсавецкай прасторы, так і краін Еўрапейскага саюзу. У гэтым годзе школа будзе прысвечана маркетынгавым даследаванням турыстычнай зоны г. Гродна - гасцінічнага сэрвісу, рэстараннага бізнесу.
– Вельмі важна, што ў рамках Летняй школы з намі будуць узаемадзейнічаць прадпрыемствы-заказчыкі кадраў факультэта эканомікі і кіравання ГрДУ імя Янкі Купалы. Такім чынам, акрамя традыцыйных майстар-класаў, лекцый удзельнікаў Летняй школы чакаюць цікавыя заняткі на прадпрыемствах Гродзенскага рэгіёну і правядзенне там маркетынгавых даследаванняў. Прыемнай нечаканасцю і пацвярджэннем высокай якасці Летняй школы стащ пастаянны ўдзел магістрантаў з Універсітэта ў Беластоку, - адзначыла Марына Яўгеньеўна.
Напрыклад, Марта Максімчук з Універсітэта ў Беластоку прыязджае на Летнюю школу ў Гродне ўжо не першы раз. На пытанне, чым прыцягвае яе дадзены праект, яна адказала, што ў першую чаргу, вядома, практыкай:
– Мы можам пайсці, паглядзець, як гэта ажыццяўляецца на справе. Тым больш, я займаюся развіццём польска-беларускіх гандлёвых адносін. У мінулым годзе мы былі на мяжы і на біржы, праграма была вельмі разнастайная, у гэтым годзе, думаю, будзе не менш цікавы.
Па словах загадчыка кафедры міжнароднага бізнесу і маркетынгу Лі Чон Ку, яркай асаблівасцю Летняй школы «Дыялог паміж ЕС і ЕАЭС» у гэтым годзе стане практыка-арыентаваны падыход да навучання слухачоў:
– Перш за ўсё нас будзе цікавіць, як найлепшым чынам арганізаваць працу гасцінічнага, рэстараннага і турыстычнага бізнесу для таго, каб больш турыстаў, замежных гасцей прыцягваць у Гродзенскі рэгіён. Акрамя таго, усе нашы слухачы прымуць удзел у маркетынгавым даследаванні «Таямнічы пакупнік». Яны будуць наведваць кавярні, бары, рэстараны, прадпрыемствы фаст-фуда для таго, каб ацаніць якасць ежы, напояў, сэрвісу і затым на аснове даследавання выканаць праектнае заданне і абараніць яго. Абавязковым элементам з'яўляецца правядзенне рознага роду майстар-класаў з удзелам бізнесменаў, прадстаўнікоў гасцінічнага, рэстараннага і турыстычнага бізнесу, якія падзеляцца з удзельнікамі Летняй школы сваімі гісторыямі поспеху, і раскажуць пра праблемы, з якімі ім даводзіцца сутыкацца. Правядзенне такога роду Летняй школы будзе карысным як для нашых слухачоў, так і для прадстаўнікоў бізнесу.
Для ўдзельнікаў Летняй школы будуць прачытаны лекцыі па інавацыйных метадах менеджменту і маркетынгу, адбудуцца майстар-класы пад кіраўніцтвам універсітэцкіх выкладчыкаў і паспяховых бізнесменаў гасцінічнага, рэстараннага і турыстычнага бізнесу: «Як ажыццявіць прасоўванне HoReCa бізнесу», «Інфармацыйныя тэхналогіі ў HoReCa», «Мадэлі паводзін кліентаў HoReCa», «Бізнес-аналіз у HoReCa». Акрамя таго, на майстар-класах удзельнікі Летняй школы пад кіраўніцтвам вопытных шэф-кухараў і бармэнаў прыгатуюць самі стравы беларускай кухні, піцы і кактэйлі. На круглых сталах «Менеджмент і маркетынг HoReCa», «Як стварыць HoReCa бізнес у Беларусі», «Якія неабходныя кампетэнцыі мэнэджару HoReCa», «Рэклама ў HoReCa» будуць абмяркоўвацца праблемы прымянення інфармацыйных тэхналогій, крос-культурнага менеджменту, розныя падыходы да кліентаў, бізнес-мадэлі і новыя фарматы ў HoReCa.
Падчас навучання ўдзельнікам школы неабходна будзе правесці маркетынгавае даследаванне, ацаніўшы якасць сэрвісу, ежы і напояў, па выніках якога яны распрацуюць праектныя прапановы і прадставяць іх сваім калегам.