Ва Універсітэце Кадзіса сустрэліся 74 прадстаўніка з 40 універсітэтаў, каб умацаваць двухбаковае супрацоўніцтва. Візіт адбыўся ў рамках праекта Erasmus +.
ГрДУ імя Янкі Купалы на стажыроўцы прадставіла старшы выкладчык кафедры моўнай падрыхтоўкі беларускіх і замежных грамадзян факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Ірына Краскоўская. Універсітэт Кадзіса наведалі таксама калегі з Алжыра, Азербайджана, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Буркіна-Фасо, Бутану, Кот-д'Івуара, Кубы, Габона, Ганы, Гватэмалы, Іарданіі, Казахстана, Кыргызстана, Лівана, Марока, Мексікі, Малдовы, Расіі, Туніса, Украіны.
У рамках Міжнароднага тыдня Ірына Краскоўская вывучыла вопыт навучання рускай мове студэнтаў ва Універсітэце Кадзіса, прэзентавала праграмы летніх школ ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама ўстанавіла акадэмічныя кантакты з супрацоўнікамі Цэнтра рускай мовы і культуры Інстытута Пушкіна ва Універсітэце Кадзіса.
Акрамя таго, удзельнікі Міжнароднага тыдня навучання персаналу наведалі кампус універсітэта ў г. Пуэрта-Рэаль, г. Альхесірас, г. Херас, пазнаёміліся з дзейнасцю бібліятэкі, выдавецкага цэнтра, Расійска-іспанскага цэнтра Універсітэта Кадзіса, Еўрапейскага цэнтра перадавога вопыту ў галіне міграцыі і правоў чалавека на паўднёвых межах Еўропы.