Пазнаёміцца з мовай і культурай Літвы купалаўцы змаглі з 28 ліпеня па 12 жніўня ў Акадэміі адукацыі Вітаўта Вялікага.
Удзельнікамі гадовага курса сталі больш за 70 чалавек, якія зацікаўлены ў вывучэнні літоўскай мовы. ГрДУ імя Янкі Купалы прадставілі магістранткі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму спецыяльнасці "Культурная спадчына і турызм" Ксенія Перапеча і Галіна Крэсла, а таксама магістрантка юрыдычнага факультэта спецыяльнасці "Юрыспрудэнцыя" Дыяна Літвінчук.
На працягу двух тыдняў для рабят праводзіліся лекцыі па літоўскай мове і адукацыйныя семінары. У рамках праграмы таксама былі арганізаваны пазнавальныя інтэрактыўныя экскурсіі ў Інстытут літоўскай мовы, Сейм Літоўскай Рэспублікі, Віленскі ўніверсітэт, у Тракай, Каўнас.
Акрамя таго, адбылася вечарына дружбы, падчас якой кожны ўдзельнік змог расказаць пра сябе і прэзентаваць сваю краіну. Прадстаўніцы купалаўскага ўніверсітэта распавялі ўдзельнікам школы пра Беларусь, а таксама запрасілі ўсіх прыняць удзел у Летніх школах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Варта адзначыць, што пазнаёміцца з культурай Літвы на Вечарыне дружбы дазволіла гра Літоўскага народнага ансамбля, пад якую ўдзельнікі летняй школы выконвалі песні на літоўскай мове і народныя танцы.
- Падчас удзелу ў Летнім курсе літоўскай мовы і культуры мы пасябравалі з замежнымі рабятамі, наладзілі асабістыя кантакты, нас нават запрасілі ў іншыя краіны. Акрамя таго, мы пазнаёміліся з горадам і змаглі сабраць інфармацыю для нашых магістарскіх дысертацый, - распавялі ўдзельніцы курса. - Нам было цікава з прафесійнага пункту гледжання паглядзець на сучасныя тэхналогіі ў музеях, а таксама на ўзаемадзеянне экскурсаводаў з турыстамі. Асаблівасцю гэтага курса, на наш погляд, выступала яго разнапланавасць, што дазволіла яму быць цікавым для ўсіх удзельнікаў Летняй школы, якія навучаюцца на розных спецыяльнасцях: міжнародныя адносіны, культурная спадчына і турызм, сацыялогія, педагогіка, юрыспрудэнцыя і інш.
У завяршэнне праграмы купалаўцы атрымалі сертыфікат аб удзеле.