Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню ведаў і пачатку новага навучальнага года, 2 верасня аб'яднала купалаўцаў у самым "сэрца" ўніверсітэта - на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга.
Павіншаваць са святам і пажадаць адно аднаму поспехаў у новым навучальным годзе сёння сабраліся рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, выпускніца ГрДУ імя Янкі Купалы Лілія Кірьяк, прарэктары, дэканы факультэтаў, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу, а таксама студэнты, магістранты і аспіранты.
Па традыцыі пачатак новага навучальнага года штогод сімвалічна адзначана ўзняццем сцяга Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Правы вынесці сцяг універсітэта ўдастоены лепшыя студэнты, магістранты і аспіранты, якія сваімі высокімі дасягненнямі ў сферы навукі, адукацыі, культуры і спорту ўславілі ГрДУ імя Янкі Купалы па ўсёй Беларусі і за яе межамі, а таксама лідэры студэнцкага самакіравання. Гэта пераможца рэспубліканскага конкурсу "Каралева Вясна - 2019", прызёр міжнароднага конкурсу «Каралева студэнцтва-2019» студэнтка педагагічнага факультэта Таццяна Шчэрбач, сярэбраны прызёр ІІ Еўрапейскіх гульняў, студэнт факультэта фізічнай культуры Ігар Зубко, старшыня Каардынацыйнага студэнцкага савета, студэнт юрыдычнага факультэта Аляксей Аборын, валанцёр ІІ Еўрапейскіх гульняў, узнагароджаная падзякай прэм'ер-міністра Рэспублікі Бларусь, студэнтка філалагічнага факультэта Разалія Сярэдзіч. Сярод іх - лепшы камандзір педагагічнага атрада трэцяга працоўнага семестра 2019 года, студэнт юрыдычнага факультэта Мікіта Гура, стыпендыят стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для аспірантаў, аспірант трэцяга года навучання Дар'я Івінская, пераможца Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды 2019 года, лаўрэат Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, магістрант другога года навучання Дыяна Літвінчук, прадстаўнік Савета Зямляцтва замежных студэнтаў універсітэта, студэнт юрыдычнага факультэта Алабердзі Аврайкулаў.
Павітала і павіншавала студэнтаў, выкладчыкаў і выпускнікоў рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:
- Дарагія студэнты! Універсітэт вельмі сумаваў без вас летам, але мы з задавальненнем назіралі за вашымі поспехамі ў будаўнічых атрадах, творчых мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах – мы былі ўсе разам, таму што разам робім адну справу, якая дае нам ганаровае права называцца слаўным словам “Купалаўцы”. Сёння мы сабраліся ў самым “сэрцы” ўніверсітэта для таго, каб павіншаваць адзін аднаго з новым навучальным годам і пажадаць новых поспехаў, планаў і іх ажыццяўлення.
Ірына Фёдараўна адзначыла, што сёння на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга не выпадкова прысутнічае 891 студэнт, бо роўна столькі гадоў гораду Гродна - аднаму з найстарэйшых і самых прыгожых гарадоў Беларусі.
-Вашы бацькі зрабілі вам самы дарагі падарунак – яны далі вам жыццё. І сёння ў сценах нашага ўніверсітэта вы закладваеце падмурак для сваёй будучыні, – дадала Ірына Кітурка. – Вучыцеся, тварыце, кахайце, рабіцё ўсё на карысць сабе, сваёй сям’і, нашай краіны, каб вашыя бацькі ганарыліся вамі так, як вы потым будзеце ганарыцца сваімі дзецьмі. Калегам хачу пажадаць плённай працы, новых планаў, праектаў і развіцця. Са святам вас, дарагія Купалаўцы! З новым навучальным годам!
Са словамі віншаванняў да ўсяго калектыву Купалаўскага ўніверсітэта звярнулася ганаровы госць мерапрыемства, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, выпускніца ГрДУ імя Янкі Купалы Лілія Кір'як:
-Дарагія студэнты, я хачу ад душы павіншаваць вас і пажадаць, каб новы навучальны год прынёс толькі самы яркія і незабыўныя падзеі, уражанні. Я жадаю, каб вы ўліліся ў сваю будучую прафесію кампетэнтнымі, таленавітымі, крэатыўнымі - менавіта такіх спецыялістаў чакае сёння наша краіна.
Лілія Вацлаваўна распавяла пра тое, як ў 1985 годзе яна, як і сённяшнія першакурснікі, удзельнічала ў святочнай лінейцы:
- Наш родны ўніверсітэт даў мне аснову і магчымасці для паспяховага прафесійнага шляху. Хай і ў вас, дарагія першакурснікі, кожны год будзе годам самарэалізацыі, сталення, развіцця. Хай кожны крок да прафесіі будзе упэўненым. Дарагія выкладчыкі! Для сваіх вучняў Вы прыклад мудрасці і майстэрства. Прыміце маю падзяку за Вашу складаную, адказную, выніковую працу, за тое, што вы рыхтуеце таленавітых спецыялістаў, прафесійных маладых людзей. Я жадаю ўсяму калектыву нашага ўніверсітэта рэалізацыі самых смелых планаў і ідэй, новых творчых задум!
Са словамі віншавання да купалаўцаў таксама звярнуўся дэкан факультэта біялогіі і экалогіі Аляксандр Карэўскі, а ад імя ўсіх студэнтаў павіншавала калектыў універсітэта першакурсніца філалагічнага факультэта Ганна Шчарбачэня.
У рамках мерапрыемства рэктар Ірына Кітурка і Лілія Кір'як ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі пасведчання аб занясенні на дошку гонару "Імі ганарыцца універсітэт".