Удзельнікі спаборніцтваў на працягу ўсяго конкурснага дня будуць распрацоўваць праграмныя рашэнні для бізнесу.
За права прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім этапе міжнароднага конкурсу змагаюцца чацвёра ўдзельнікаў: студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Сяргей Самойла і Павел Раманец, а таксама навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Вадзім Дзесятаў і Дзяніс Альхімовіч. Усе яны паспяхова справіліся з заданнямі першаснага этапу спаборніцтваў.
Абласны этап спаборніцтваў па кампетэнцыі «Праграмныя рашэнні для бізнесу» прадугледжвае правядзенне трох сесій па некалькі гадзін з невялікімі перапынкамі. Паводле агульнага задання, удзельнікам неабходна рэалізаваць праект для правядзення ўмоўнага мерапрыемства. У пачатку кожнай сесіі агучваюцца дадатковыя заданні. Пераможца будзе вызначаны шляхам падсумоўвання балаў, атрыманых за якасць выкананых заданняў. Абласны этап міжнароднага конкурсу «WorldSkills Belarus» па кампетэнцыі «Праграмныя рашэнні для бізнесу» адначасова праводзіцца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
–Праграма міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства «WorldSkills Belarus», у асноўным, уключае кампетэнцыі па рабочых прафесіях. Праводзіць спаборніцтвы па IT-напрамках сталі адносна нядаўна, гады чатыры таму. У цэлым, рух «WorldSkills» у Беларусі толькі набірае абароты, - распавяла эксперт па кампетэнцыі «Праграмныя рашэнні для бізнесу» Вольга Арэхва.
«WorldSkills» - міжнародны некамерцыйны рух, мэтай якога з'яўляецца павышэнне статусу прафесійнай адукацыі і стандартаў прафесійнай падрыхтоўкі і кваліфікацыі па ўсім свеце. Рэспубліка Беларусь афіцыйна стала 68 членам міжнароднай арганізацыі «WorldSkills International» у 2014 годзе. У маі 2020 года ў Мінску адбудзецца IV Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства «WorldSkills Belarus 2020». Спаборніцтвы пройдуць больш чым па 35 прафесійных кампетэнцыях у такіх кірунках, як тэхналогіі будаўніцтва, вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, транспарт і лагістыка, сацыяльныя і персанальныя паслугі, творчыя прафесіі і мода. У конкурсе прымуць удзел больш за 300 навучэнцаў, студэнтаў, маладых спецыялістаў з усіх рэгіёнаў краіны.