У праграме курсаў - пяць адукацыйных модуляў. Кожны прысвечаны тэхналогіям праектнай дзейнасці на этапе выніковай атэстацыі выпускнікоў. Заняткі пройдуць з студзеня па сакавік 2020 года.
Па словах арганізатараў, новая адукацыйная праграма адлюстроўвае імкненне ГрДУ імя Янкі Купалы пашыраць і ўдасканальваць практыка-арыентаваны падыход пры правядзенні выніковай атэстацыі студэнтаў.
- Ва ўніверсітэце назапашаны значны вопыт у гэтым кірунку, - адзначыў у прывітальным слове прарэктар па вучэбнай працы Генадзій Гачко. - Пачынаючы з 2015 года, на 67 спецыяльнасцях дзяржаўны экзамен праводзіцца па праектным метадзе: на першым этапе - у форме камп'ютэрнага тэсціравання, на другім - выканання праектнага задання. Пашыраецца практыка абароны міждысцыплінарных дыпломных праектаў.
Слухачамі курсаў сталі 15 чалавек. У ходзе вывучэння першага навучальнага модуля «Праектны метад як інструмент выніковай атэстацыі» слухачы курсаў даведаюцца пра асаблівасці праектнага навучання ва ўстанове вышэйшай адукацыі, атрымаюць уяўленне аб методыцы арганізацыі дзяржаўных экзаменаў з выкарыстаннем праектнага падыходу ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
«Камп'ютарнае тэсціраванне ў фармаце выніковай атэстацыі» разгледзяць слухачы падчас другога навучальнага модуля, які будзе рэалізаваны ў рэжыме электроннага навучання. Увазе слухачоў будуць прапанаваныя агульныя падыходы і патрабаванні да арганізацыі камп'ютэрнага тэсціравання і методыка распрацоўкі тэставых заданняў у сістэме Moodle.
Навучальны модуль «Міждысцыплінарныя праекты як форма выніковай атэстацыі» прысвечаны тэхналогіі распрацоўкі міждысцыплінарных праектаў. Пад кіраўніцтвам мадэратара слухачы курсаў навучацца афармляць заяўкі на праекты, фармуляваць міждысцыплінарныя заданні, планаваць каардынацыйныя мерапрыемствы, рыхтаваць каляндарны графік работ, распрацоўваць пералік кампетэнцый, якія набываюцца студэнтамі.
У чацвёртым навучальным модулі «Кейс-метад і яго прымяненне падчас выніковай атэстацыі» слухачы пазнаёмяцца з асаблівасцямі выкарыстання кейс-метаду. На занятках будуць разгледжаны такія пытанні, як выбар кейса, стратэгіі выкарыстання кейс-метаду, падрыхтоўка студэнцкай аўдыторыі да прэзентацыі рашэння кейса, план прымянення кейса падчас выніковай атэстацыі.
У тэхналогію эўрыстычнага навучання слухачы пагрузяцца ў рамках заключнага модуля «Эўрыстычныя заданні для ацэнкі крэатыўных якасцяў выпускнікоў». Асноўная ўвага будзе нададзена этапам праектавання адкрытых эўрыстычных заданняў і магчымасцям іх выкарыстання падчас выніковай атэстацыі.
У якасці мадэратараў курсаў выступяць выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Гэта начальнік вучэбна-метадычнага аддзела па кіраванні якасцю адукацыі ВМУ Дар'я Шпак, загадчык кафедры экалогіі Галіна Юхневіч, загадчык лабараторыі адукацыйных інавацый Алег Каляга, дацэнт кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемстве Алена Разава, загадчык кафедры міжнароднага бізнесу і маркетынгу Лі Чон Ку, дырэктар ліцэя № 1 г. Гродна Ігар Маслаў.
Заняткі будуць праходзіць у дзейснай форме, якая прадугледжвае актыўную прадуктыўную працу слухачоў, выкананне творчых заданняў у ходзе аўдыторных заняткаў і ў дыстанцыйным рэжыме на платформе курсаў e-courses.grsu.by.
Варта адзначыць, што ў ГрДУ імя Янкі Купалы з лютага па чэрвень 2019 г. была рэалізавана першая адукацыйная праграма павышэння кваліфікацыі «Універсітэт адукацыйных інавацый: тэорыя, методыка і практыка сучаснай адукацыі». З верасня па снежань 2019 года - другая «Універсітэт адукацыйных інавацый: праектны падыход у адукацыйнай дзейнасці».