У Купалаўскім універсітэце працягваецца прыём дакументаў для навучання на другой ступені вышэйшай адукацыі.
Працягнуць адукацыю ў магістратуры Купалаўскага ўніверсітэта ў гэтым годзе можна па 22 спецыяльнасцях з 20 прафілізацыямі. Упершыню аб'яўлены набор па трох новых прафілізацыях - гэта «Спецыяльная адукацыя» для спецыяльнасці «Тэорыя і методыка навучання і выхавання», «Прававое забеспячэнне публічнай улады» і «Прававое забеспячэнне гаспадарчай дзейнасці» для спецыяльнасці "Юрыспрудэнцыя".
У ліку абітурыентаў магістратуры - выпускнік факультэта эканомікі і кіравання Віктар Адынец, уладальнік нагруднага знака «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў». Віктар з'яўляецца адным з пераможцаў паўфіналу каманднага чэмпіянату свету па спартыўным праграмаванні.
На пытанне аб тым, чаму ён вырашыў працягнуць навучанне ў магістратуры, Віктар адказаў, што хоча не толькі развіваць далей тэму сваёй дыпломнай працы, але і працягнуць удзельнічаць у алімпіядах па спартыўным праграмаванні. Віктар прызнаўся, што абраў менавіта Купалаўскі ўніверсітэт для працягу атрымання адукацыі з-за свайго настаўніка, старэйшага выкладчыка кафедры матэматычнага і інфармацыйнага забеспячэння эканамічных сістэм Юрыя Сцёпіна, з якім у цяперашняга абітурыента магістратуры склаліся плённыя адносіны яшчэ падчас вучобы на першай ступені атрымання адукацыі.
Нагадаем, што ў 2020 годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы арганізавана электронная чарга на сайце abit.by ў раздзеле «Магістратура», з дапамогай якой кожны абітурыент можа выбраць час, зручны для асабістага візіту і падачы дакументаў у прыёмную камісію ўніверсітэта. Прыём дакументаў ад выпускнікоў Купалаўскага ўніверсітэта гэтага года праходзіць пры непасрэдным удзеле факультэтаў, якія акажуць падтрымку ў фарміраванні і прадастаўленні неабходнага пакета дакументаў. Прыём дакументаў у магістратуру ажыццяўляецца па 5 ліпеня 2020 года (нядзеля) уключна.