Узнагароды былі ўручаны ва ўрачыстай абстаноўцы 6 ліпеня.
Мерапрыемства прайшло з удзелам старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігара Жука, намесніка старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктара Пранюка, а таксама прарэктараў і кіраўнікоў структурных падраздзяленняў Купалаўскага ўніверсітэта.
Асабісты ўклад рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка ў развіццё навукі і падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў адзначаны Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Уручаючы ўзнагароду ад імя старшыні Гродзенскага аблвыканкаму Васілія Краўцова, Віктар Пранюк адзначыў высокія дасягненні ўніверсітэта. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на тое, што сёння Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы стаіць у адным шэрагу з галоўнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі краіны.
- У шмат якіх кірунках Купалаўскі ўніверсітэт з'яўляецца першым і вядучым, - звярнуў увагу намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк. - Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па праву можна лічыць унікальным. Ваш вопыт у адукацыйнай і навуковай дзейнасці заслугоўвае ўвагі, і яго пераймаюць іншыя ўстановы адукацыі краіны.
У сваю чаргу Ірына Кітурка адзначыла цеснае ўзаемадзеянне і плённае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі рэгіянальнай выканаўчай улады.
- Вы падтрымліваеце многія нашы ідэі і дапамагаеце іх рэалізоўваць, - адзначыла Ірына Кітурка. - Мы шчыра ўдзячныя за падтрымку, якая дапамагае нам дасягаць высокіх вынікаў. Мы ганарымся тым, што ўносім свой адчувальны ўклад у развіццё сістэмы адукацыі рэспублікі нароўні са сталічнымі ўніверсітэтамі.
Падчас мерапрыемства былі адзначаны таксама і шматлікія дасягненні Ірыны Кітурка ў статусе дэпутата і старшыні пастаяннай камісіі па сацыяльнай палітыцы і справах моладзі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.
- Ірына Фёдараўна паспяхова працуе з выбаршчыкамі сваёй акругі: яе ведаюць і ёй давяраюць людзі. Таму прэзідыўмам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў было прынята рашэнне ўзнагародзіць Ірыну Кітурка Ганаровай граматай за ўклад у развіццё мясцовага самакіравання і актыўную працу з выбаршчыкамі, - падкрэсліў старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук.
Удзельнікі мерапрыемства таксама павіншавалі рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыну Кітурка з юбілеем і адзначылі сімвалічнасць таго, што ўрачыстасць адбылася напярэдадні дня нараджэння беларускага класіка Янкі Купалы, імя якога горда носіць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт - адзін з вядучых універсітэтаў краіны.