23 ліпеня ўступныя выпрабаванні праходзілі тыя абітурыенты, якія зарэгістраваліся на ЦТ у рэзервовыя дні.
У гэтым годзе было вызначана шэсць пунктаў рэгістрацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні, у тым ліку і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. 23 ліпеня абітурыенты, якія па ўважлівых прычынах не змаглі з'явіцца на выпрабаванні ў асноўны дзень ЦТ, пісалі тэсты па грамадазнаўстве, матэматыцы, біялогіі, замежнай мове, хіміі, фізіцы, гісторыі Беларусі, геаграфіі і сусветнай гісторыі. Для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні ў Гродзенскай вобласці было зарэгістравана 69 абітурыентаў для выканання 85 тэстаў.
У цэлым, у Гродзенскай абласной камісіі па кантролі за падрыхтоўкай і правядзеннем уступных выпрабаванняў адзначылі высокі арганізацыйны ўзровень правядзення цэнтралізаванага тэсціравання сёлета. Некаторыя новаўвядзенні ўступнай кампаніі - 2020, якія былі выкліканыя эпідэміялагічнай сітуацыяй, будуць улічаныя пры арганізацыі ўступных іспытаў у далейшым.
- Мерапрыемства прайшло на самым высокім арганізацыйным узроўні і ў поўнай адпаведнасці з нормамі заканадаўства, - распавёў старшыня камісіі, старшыня Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка. - Вядома, былі нюансы ў сувязі з пандэміяй, якія давялося ўлічваць. Да прыкладу, у гэтым годзе тэсты па самых масавых прадметах - рускай мове і матэматыцы - абітурыенты пісалі два дні па кожнай дысцыпліне. Такім чынам, атрымалася забяспечыць захаванне сацыяльнай дыстанцыі пры рассаджванні абітурыентаў. Думаю, што па выніках гэтай уступнай кампаніі мы будзем уносіць прапанову і ў наступныя гады праводзіць ЦТ па гэтых прадметах у два дні, а не ў адзін, як гэта было раней.
Каб забяспечыць захаванне санітарных нормаў, у гэтым годзе пры правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання было задзейнічана нашмат больш навучальных карпусоў, чым звычайна. Так, у Гродзенскай вобласці было задзейнічана 4 установы адукацыі, 9 навучальных карпусоў, 125 аўдыторый. Каля тысячы педагогаў працавалі ў аўдыторыях у якасці арганізатараў, больш за 500 - забяспечвалі кантроль за ходам правядзення ЦТ.
У цэлым, цэнтралізаванае тэсціраванне - 2020 прайшло спакойна і без парушэнняў. Толькі адзін з удзельнікаў быў выдалены з аўдыторыі з-за наяўнасці мабільнага тэлефона, трое былі адхіленыя ад удзелу ў ЦТ па стане здароўя.
38 абітурыентаў Гродзенскай вобласці па выніках уступных выпрабаванняў маюць максімальны бал: 3 чалавекі атрымалі 100 балаў за тэст па матэматыцы, 4 - па біялогіі, 8 - па замежнай мове, 3 - па рускай, 9 - па беларускай мовах, 3 - па хіміі, 2 - па гісторыі Беларусі, 5 - па грамадазнаўстве і 1 - па сусветнай гісторыі. Адзін абітурыент мае два стобальнуя вынікі - па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі.
Выдача сертыфікатаў удзельнікам цэнтралізаванага тэсціравання 2020 года пачнецца 24 ліпеня. Сертыфікаты сапраўдныя два гады і выдаюцца на працягу ўсяго перыяду іх дзеяння.