Дакументы ад абітурыентаў прыёмная камісія Купалаўскага ўніверсітэта пачне прымаць ужо заўтра, 25 ліпеня.
На бюджэтную форму атрымання вышэйшай адукацыі прыём дакументаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы будзе праходзіць да 31 ліпеня ўключна, на платную форму - да 15 жніўня.
Абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасці, для якіх прадугледжаны ўнутраныя ўступныя выпрабаванні ва ўніверсітэце, павінны падаць дакументы ў перыяд з 25 па 31 ліпеня. З 1 па 7 жніўня для іх пройдуць уступныя выпрабаванні.
З 25 па 27 ліпеня ў Купалаўскім універсітэце будуць прымаць дакументы ад тых, хто навучаўся ў профільных класах педагагічнай накіраванасці.
Нагадаем, што ў гэтым годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы ўпершыню даступная электронная рэгістрацыя абітурыентаў у рамках работы лічбавай прыёмнай камісіі. Абітурыентаў Купалаўскі ўніверсітэт запрашае загадзя зарэгістравацца ў электроннай сістэме, запоўніць прапанаваную анкету і прымацаваць электронныя копіі неабходных для паступлення дакументаў. Віртуальны сэрвіс закліканы дапамагчы пазбегнуць традыцыйных чэргаў у перыяд падачы дакументаў у прыёмную камісію.
Падрабязную інфармацыю аб правядзенні прыёмнай кампаніі, тэрмінах уступных выпрабаванняў, прапанаваных спецыяльнасцях можна даведацца на сайце https://www.abit.by, і ў Call-цэнтры «Абітурыент» па тэлефонах: 8 (0152) 73-01-01, МТС + 375 (33) 35-44-500, Life +375 (25) 77-44-500, а таксама ў прыёмнай камісіі па адрасе: вул. Леніна 32.