Традыцыйна ў першы дзень падачы дакументаў першых абітурыентаў ГрДУ імя Янкі Купалы сустракаюць ва ўрачыстай атмасферы. З адказным і важным момантам у жыцці будучых студэнтаў павіншаваў Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, намеснік старшыні дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2020 годзе Віктар Лісковіч. Віктар Андрэевіч пажадаў абітурыентам поспехаў і адзначыў, што "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, з'яўляючыся адной з лепшых ВНУ краіны, дае найшырэйшыя магчымасці не толькі ў атрыманні адукацыі і прафесійным станаўленні, але і асобасным развіцці, а таксама ў грамадскай дзейнасці, творчасці і спорце".
З найлепшымі пажаданнямі да абітурыентаў і іх бацькамоў звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка: «Мы сёння сустракаемся з тымі, з кім будзем на працягу наступных чатарох або пяці гадоў будаваць новы ўніверсітэт, новыя факультэты, новыя спецыяльнасці і будучыню нашай цудоўнай краіны. Я шчыра вітаю вас у сценах нашай навучальнай установы і спадзяюся, што для ўсіх, хто абраў наш універсітэт, ён сапраўды стане ўніверсітэтам магчымасцей і сапрау́днай сям’ёй», - падкрэсліла Ірына Кітурка.
Абітурыентам, якія вырашылі падаваць дакументы ў Купалаўскі ўніверсітэт у першы дзень працы прыёмнай камісіі, уручылі сувеніры і памятныя падарункі.
У ліку першых абітурыентаў ГрДУ імя Янкі Купалы - уладальнік 100-бальнага сертыфіката ЦТ па матэматыцы, Дыплома III ступені Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, медаліст ДУА "Вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя школа аграгарадка Луцкаўляны" Яўгеній Занеўскі. Малады чалавек адзначыў, што ў выбары вышэйшай навучальнай установы сумневаў не было, бо менавіта ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ён знайшоў тую спецыяльнасць, якая яму неабходная: «Я абраў спецыяльнасць «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі», бо яна дае шматпрофільную падрыхтоўку. У будучыні я магу быць менеджэрам, эканамістам інфармацыйных сістэм, а таксама працаваць у розных напрамках IT-сферы, што вельмі перспектыўна», - падзяліўся сваімі прафесійнымі планамі Яўгеній.
Прыёмная кампанія-2020 у ГрДУ імя Янкі Купалы праходзіць у лічбавым фармаце. У работу быў паспяхова ўкаранёны электронны сэрвіс «Лічбавая прыёмная камісія», які дае шырокія магчымасці для дыстанцыйнай падачы дакументаў. У рамках работы «Лічбавай прыёмнай камісіі» на сайце abit.grsu.by кожны абітурыент мае асабісты кабінет, дзе можа сфармаваць анкету абітурыента, зарэгістравацца ў электроннай чэрзн на падачу дакументаў, вызначыць форму навучання і спецыяльнасць, атрымаць інфармацыю пра залічэнне ў рэжыме рэальнага часу і анлайн-кансультацыі спецыялістаў, вызначыць дату і час асабістай падачы дакументаў. Як адзначаюць самі абітурыенты, - гэта вельмі зручны рэсурс, які дапамагае аператыўна атрымліваць патрэбную інфармацыю і эканоміць асабісты час. Пасля рэгістрацыі ў «Лічбавым кабінеце» час падачы дакументаў у прыёмнай камісіі ў абітурыенткі юрыдычнага факультэта Веранікі Генюш заняло некалькі хвілін. Дзяўчына падала дакументы на спецыяльнасць «Правазнаўства». Яе прафесійны выбар абумовіла прыналежнасць да дынастыі юрыстаў: «Магу з упэўненасцю сказаць, што не толькі прафесія юрыста, але і ГрДУ імя Янкі Купалы - гэта сямейная справа. І мама, і тата скончылі гэтую ВНУ, таму і ў сваім выбары я ніколькі не сумнявалася», - распавяла Вераніка.
Традыцыйна ў ГрДУ імя Янкі Купалы паступаюць не толькі абітурыенты Гродзеншчыны, але і дзеці з іншых рэгіёнаў. Сярод тых, хто вырашыў падаваць дакументы ў першы дзень працы прыёмнай камісіі - ураджэнец горада Маларыта Брэсцкай вобласці, выпускнік Мінскага ваеннага Сувораўскага вучылішча Аляксей Маляўка. Юнак падаў дакументы на ваенны факультэт, выбраўшы спецыяльнасць «Тылавое забеспячэнне войскаў (рэчавай маёмасцю) у інтарэсах Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь». Аляксей распавёў, што са спецыфікай прафесійнага выбару вызначыўся яшчэ падчас вучобы на 3 курсе Сувораўскага вучылішча: "Вывучаючы ваенную справу, я зразумеў, што хачу стаць тылавікіком у напрамку харчовай службы. Навучаючыся ў Сувораўскім вучылішчы, я знаходзіўся на пасадзе памочніка старшыны роты, мне вельмі спадабалася гэтая праца, я зразумеў, што гэта маё, а ГрДУ імя Янкі Купалы змог прапанаваць менавіта тую спецыяльнасць, якая мне патрэбна для далейшага прафесійнага развіцця".
Неабходна адзначыць, што набор абітурыентаў у ГрДУ імя Янкі Купалы і колькасць прапанаваных спецыяльнасцяў штогод карэктуюцца з улікам актуальных тэндэнцый развіцця і патрэбаў рэальнага сектара эканомікі. У гэтым годзе план набору ў Купалаўскі ўніверсітэт павялічаны. Перш за ўсё, гэта звязана з адкрыццём новых спецыяльнасцяў. Новыя спецыяльнасці абітурыентам прапануюць факультэт матэматыкі і інфарматыкі, фізіка-тэхнічны факультэт, факультэт фізічнай культуры, а таксама факультэт мастацтваў і дызайну. Так, з 2020 года ГрДУ імя Янкі Купалы пачне рыхтаваць спецыялістаў па робататэхніцы, штучнаму інтэлекту, дызайне віртуальнага асяроддзя, а таксама трэнераў па барацьбе, гульнявых відах спорту і лёгкай атлетыцы. У гэтым годзе адноўлены набор на спецыяльнасці "Сусветная эканоміка" ў дзённай форме і "Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт (у камерцыйных і некамерцыйных арганізацыях)" у завочнай скарочанай форме атрымання вышэйшай адукацыі.
Яшчэ адно новаўвядзенне ўступнай кампаніі-2020 у Купалаўскім універсітэце - дыстанцыйная форма атрымання адукацыі. Навучацца онлайн можна будзе па спецыяльнасцях "Транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)" на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання, "Турызм і гасціннасць" на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму, "Дашкольная адукацыя" і "Пачатковая адукацыя" на педагагічным факультэце. Навучальны працэс будзе рэалізаваны з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і электронных адукацыйных сэрвісаў універсітэта. Асабістая прысутнасць студэнта неабходна толькі для здачы залікаў і экзаменаў.
Агульная колькасць спецыяльнасцяў, па якіх аб'яўлены набор у ГрДУ імя Янкі Купалы гэтым летам, - 54, у мінулым годзе іх было 51. Усяго для навучання за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту ў 2020 годзе ў Купалаўскі ўніверсітэт плануецца набраць 1088 студэнтаў.
Што тычыцца навучання на платнай аснове, то ў гэтым годзе падаць дакументы для атрымання адукацыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы за кошт уласных сродкаў змогуць 1302 абітурыенты. Такім чынам, агульны план набору складае 2390 чалавек. Гэта на 57 месцаў больш, чым у мінулым годзе.
Падрабязную інфармацыю пра ход прыёмнай кампаніі, прапанаваныя спецыяльнасці, тэрмінахы падачы дакументаў і правядзенне ўступных выпрабаванняў можна даведацца на сайце www.abit.by, у «Лічбавым кабінеце абітурыента», у пункце работы прыёмнай камісіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па адрасе вул. Леніна, 32, а таксама па тэлефонах:
+ 375 (152) 73-01-01 (шматканальны)
МТС +375 (33) 35 44 500
Life +375 (22) 77 44 500
Даведка
Прыём дакументаў у ГрДУ імя Янкі Купалы ад грамадзян Беларусі на дзённую і завочную форму атрымання адукацыі на бюджэтнай аснове будзе ажыццяўляцца з 25 па 31 ліпеня, залічэнне пройдзе па 11 жніўня.
Для навучання на платнай аснове на дзённай і завочнай форме атрымання адукацыі абітурыентам, якія не здаюць уступныя выпрабаванні ва ўніверсітэце, падаць дакументы неабходна з 25 ліпеня па 15 жніўня. Прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія здаюць уступныя выпрабаванні ва ўніверсітэце, пройдзе з 25 ліпеня па 31 ліпеня. Залічэнне будзе рэалізавана па 17 жніўня.
Унутраныя уступныя выпрабаванні на бюджэтную і платную форму пройдуць ва ўніверсітэце з 1 па 7 жніўня.
Па 12 жніўня абітурыентам абвесцяць інфармацыю пра вакантныя месцы дадатковага набору на дзённую і завочную форму атрымання адукацыі на бюджэтнай аснове. У гэтым выпадку падаць дакументы можна будзе з 12 па 14 жніўня, залічэнне пройдзе па 15 жніўня.