У ходзе візіту Уладзімір Каранік сустрэўся з працоўным калектывам Купалаўскага ўніверсітэта.
На пачатку свайго выступлення Уладзімір Каранік павіншаваў калектыў з новым навучальным годам і адзначыў, што праца педагога заўсёды была і застаецца адным з самых адказных відаў дзейнасці: уплыў настаўніка на вучня з’яўляецца лёсавызначальным.
– Педагог не проста павінен даваць інфармацыю вучню, а вучыць знаходзіць яе, не проста даваць адказ на задачу, а вучыць вырашаць яе. Ён павінен навучыць у першую чаргу думаць, прагназаваць і ацэньваць наступствы сваіх дзеянняў, – адзначыў Уладзімір Сцяпанавіч.
Звяртаючыся да працоўнага калектыву, губернатар засяродзіў увагу на ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне, падкрэсліўшы, што сёння змены сапраўды неабходныя ў розных сферах грамадства, але ўсе яны магчымыя толькі пры ўмовах канструктыўнага дыялогу.
– Свет змяняецца, і мы павінны змяняцца разам з ім. Нам патрэбны перамены ў эканоміцы, мадэрнізацыя прадпрыемстваў, асваенне новых тэхналогій і рынкаў збыту, канстытуцыйная рэформа і пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады. Прыняцце новай канстытуцыі і наступныя выбары на ўсіх узроўнях улады – найбольш правільны шлях, які дазволіць захаваць тое добрае, што ўжо ёсць, і дадаць новае, – заўважыў губернатар.
Уладзімір Каранік адзначыў, што ёсць розныя шляхі развіцця падзеяў. І калі палітычныя пытанні вырашаюцца на вуліцы, то гэта шлях у нікуды. Замест гэтага неабходна навучыцца весці дыялог, абменьвацца не лозунгамі, а думкамі, а гэта магчыма праз рэалізацыю стваральных ініцыятыў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што палітычныя погляды грамадства павінны выказвацца ў рамках дзейнасці партый і грамадскіх аб’яднанняў, а юрысты і сацыёлагі ўніверсітэта могуць унесці канструктыўныя парады і прапановы.
– Калі ёсць такі запыт, то я як прадстаўнік улады гатовы пасадзейнічаць у стварэнні грамадскіх аб’яднанняў. Толькі ў сур’ёзнай дыскусіі нараджаюцца здаровыя ідэі, якія дазваляюць рухацца наперад. Калі нам не падабаюцца нейкія законы – гэта не нагода іх разбураць, гэта нагода ўносіць змены, – сказаў Уладзімір Каранік.
На яго думку, асноўная задача ўніверсітэтаў, дзе працуе эліта грамадства, быць аб’яднальным цэнтрам найбольш прагрэсіўнай моладзі, адказных за свае рашэнні спецыялістаў і новых лідараў.
Свае пытанні задалі губернатару прадстаўнікі калектыву ўніверсітэта. Яны тычыліся правядзення выбараў, пацярпелых падчас мітынгаў і адтэрміноўкі ад арміі, а таксама падтрымкі публікацыі навуковых прац вучоных, узвядзення спартыўных збудаванняў для развіцця гульнявых відаў спорту.