Рэктарат, дэканы факультэтаў, прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнты сабраліся на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга.
У пачатку святочнай цырымоніі студэнты, якія за папярэдні навучальны перыяд прадэманстравалі высокія дасягненні ў галіне навукі, культуры і спорту, а таксама лідэры студэнцкага самакіравання ўрачыста вынеслі сцяг Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Затым да прысутных з прывітальным словам звярнулася рэктар універсітэта Ірына Кітурка. Яна асабліва падкрэсліла хвалюючы характар гэтага ўрачыстага моманту.
- Сёння, як звычайна 1 верасня, мы ўсё трохі хвалюемся. Хвалююцца і першакурснікі, для якіх усё толькі пачынаецца, і студэнты старэйшых курсаў, якія хутка пакінуць сцены Alma mater, і ім давядзецца выбіраць новыя жыццёвыя арыенціры, - падзялілася сваімі эмоцыямі падчас віншавальнай прамове Ірына Кітурка. - Але гэта прыемнае хваляванне, гэта тая самая купалаўская эмоцыя, пра якую мы так часта гаворым. Мы, купалаўцы, прывыклі ў любую справу ўкладаць сваю душу, свае эмоцыі. І я хачу пажадаць усім нам поспехаў ва ўсіх пачынаннях, і хай новы навучальны год адкрые новыя таленты ў нашай вялікай купалаўскай сям'і!
Ганаровым госцем ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню ведаў, стаў выпускнік Купалаўскага ўніверсітэта, старшыня Гродзенскага абласнога суда Аляксандр Корзун. Звяртаючыся да студэнтаў, ён выказаў упэўненасць, што яны абавязкова атрымаюць годныя веды, якія дапамогуць ім стаць сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы.
- Усім студэнтам я жадаю за час вучобы ва ўніверсітэце атрымаць веды, якія вы зможаце з поспехам прымяніць на практыцы, а значыць, і рэалізаваць сябе ў прафесіі, - адзначыў Аляксандр Корзун. - Краіне патрэбныя добрыя спецыялісты. Таму жадаю ўсім студэнтам поспехаў у вучобе, а выкладчыкам - навуковых здзяйсненняў!
Пажаданні ў сувязі з пачаткам новага навучальнага года студэнтам і калегам ад усіх дэканаў ГрДУ імя Янкі Купалы агучыў дэкан факультэта фізічнай культуры Андрэй Навойчык:
- Гэта свята, з аднаго боку, з адценнем суму, таму што лета скончылася, а з другога боку, кожнага з нас перапаўняе радаснае чаканне чагосьці новага, новых дасягненняў, новых перамог. Жадаю ўсім поспехаў у вучобе і працы, а таксама здароўя, творчасці, і хай спраўджваюцца ўсе мары!
Паспяховай вучобы тым, хто ў гэтым годзе далучыўся да дружнай купалаўскай сям'і, пажадала мама першакурсніка, дацэнт кафедры філасофіі педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Сняжана Семярнік.
Традыцыйна, падчас урачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню ведаў, адбылося ўручэнне пасведчанняў аб занясенні на Дошку гонару "Імі ганарыцца ўніверсітэт". Лепшыя студэнты, магістранты і аспіранты ўніверсітэта па выніках 2019/2020 года атрымалі пасведчанні з рук рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка і старшыні Гродзенскага абласнога суда Аляксандра Корзуна.