У рамках Рэспубліканскага спартыўна-масавага мерапрыемства з 7 па 11 верасня прайшлі спаборніцтвы па розных відах спорту.
«Тыдзень спорту і здароўя» стартаваў у ГрДУ імя Янкі Купалы з сяброўскіх матчаў па міні-футболе на спартыўных пляцоўках новага інтэрната ўніверсітэта, дзе таксама адбыліся матчы па стрытболе. Удзел у турніры па стрытболе прынялі 10 каманд. Па выніках спаборніцтваў першае месца - у каманды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Другое месца занялі дзяўчаты з жаночай зборнай ГрДУ імя Янкі Купалы, а трэцяе - студэнты факультэта фізічнай культуры нашага ўніверсітэта.
У ходзе «Тыдня спорту і здароўя» прайшло адкрытае першынство факультэта фізічнай культуры па паўэрліфцінгу сярод юнакоў. У вагавай катэгорыі «80 кг» пераможцам стаў Цімафей Грубы, «срэбра» - у Сяргея Чабатарэнка, «бронза» - у Антона Крыльчука. У вагавай катэгорыі «80 кг +» перамогу атрымаў Аляксандр Краўцэвіч, другое і трэцяе месца ў Алега Кіюця і Паўла Грысюка адпаведна. Прызавыя месцы ў камандных спаборніцтвах па паўэрліфцінгу размеркаваліся наступным чынам: 1 месца - факультэт фізічнай культуры, 2 месца - ваенны факультэт, 3 месца - фізіка-тэхнічны факультэт.
У спаборніцтвах па гіравым спорце прынялі ўдзел 15 чалавек у чатырох вагавых катэгорыях. Пераможцамі гэтых спартыўных спаборніцтваў сталі студэнты ваеннага факультэта Сяргей Чабатарэнка (катэгорыя «да 70 кг»), Яраслаў Кабушка (катэгорыя «да 80 кг»), Міхаіл Пархомец (катэгорыя «да 90 кг») і студэнт інжынерна-будаўнічага факультэта Аляксей Рабы (катэгорыя «звыш 90 кг»).
Таксама адбыўся турнір па дартсе - яго ўдзельнікамі сталі 30 купалаўцаў. Прызавыя месцы размеркаваліся сярод студэнтаў факультэта фізічнай культуры. Пераможцам спаборніцтваў сярод юнакоў стаў Юнусжан Ікрамаў, другое месца заняў Юрый Палтарак, трэцяе - Павел Ханахбееў. Перамогу сярод дзяўчат атрымала Дар'я Батогава, другое месца - у Таццяны Тачылавай, трэцяе - у Караліны Ярмусік.
У рамках «Тыдня спорту і здароўя» на базе спартыўнай залы Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта прайшоў і матч па міні-футболе паміж студэнткамі гэтага ўніверсітэта і студэнткамі ГрДУ імя Янкі Купалы. З лікам 7: 6 перамогу атрымалі прадстаўніцы Купалаўскага ўніверсітэта.