Прадстаўнікі васьмі факультэтаў распавялі рэктару пра сваё бачанне развіцця Купалаўскага ўніверсітэта.
Прапанову паўдзельнічаць у фармаванні Стратэгіі развіцця ўніверсітэта на 2021-2025 гады было агучана Ірынай Кітурка падчас серыі восеньскіх сустрэч са студэнтамі на факультэтах. На працягу папярэдніх двух тыдняў студэнты выпрацоўвалі і абмяркоўвалі канструктыўныя прапановы ў сваіх калектывах.
- Я перакананая, што добрага выніку можна дасягнуць, аб'яднаўшы намаганні. Таму, працуючы над Стратэгіяй, мы ўпершыню вырашылі падключыць да гэтага працэсу не толькі прафесарска-выкладчыцкі склад, але і студэнтаў. У вас іншы вобраз мыслення і, магчыма, некалькі іншы погляд на тое, якім павінен быць універсітэт будучага, - адзначыла Ірына Кітурка у пачатку сустрэчы.
Прапановы, агучаныя студэнтамі, тычыліся як паляпшэння якасці навучальнага працэсу, так і павышэння ступені інфармаванасці студэнтаў пра галоўныя падзеі ў жыцці ўніверсітэта. Як высветлілася, студэнтаў па-ранейшаму хвалююць пытанні ўзмацнення практычнага складніка ў навучанні, а таксама пытанні актывізацыі кантактаў з замежнымі вучонымі. Ірына Кітурка адзначыла, што арганізацыя сустрэч з запрошанымі прафесарамі будзе перагледжана з улікам эпідэміялагічнага становішча. Сустрэчы будуць адноўленыя ў бліжэйшы час, але пакуль у рэжыме онлайн.
Студэнты выказалі зацікаўленасць у тым, каб уключыць у праграму дадатковыя дысцыпліны, якія выходзяць за рамкі вучэбнага плана. Гэта дапамагло б вызначыцца з выбарам напрамку для атрымання другой вышэйшай адукацыі. Падымаліся пытанні і аб уцягванні студэнтаў у навуковую дзейнасць, аб забеспячэнні ўніверсітэцкіх аўдыторый і лабараторый сучасным абсталяваннем. Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы прапанавалі новыя падыходы ў арганізацыі студэнцкага самакіравання, пагаварылі аб тым, як палегчыць адаптацыю першакурснікаў да новага для іх студэнцкага жыцця.
- Мы ўжо зрабілі вялікі крок наперад, - адзначыла рэктар, падзякаваўшы студэнтам за агучаныя прапановы. - Усе вашыя ідэі важныя, яны заслугоўваюць увагі і далейшага абмеркавання. Я хачу, каб вы ведалі, што мы вас чуем і ва ўсім падтрымліваем. Будучыня ўніверсітэта залежыць ад усіх нас, ад нашай агульнай зацікаўленасці ў дасягненні лепшых вынікаў.
Ірына Кітурка нагадала, што да 25 кастрычніка чакае ўбачыць усе агучаныя студэнтамі прапановы ў пісьмовым выглядзе, каб кіраўніцтва ўніверсітэта і прафесарска-выкладчыцкі склад змаглі працягнуць працу над фарміраваннем Стратэгіі развіцця ўніверсітэта на будучыя пяць гадоў. У бліжэйшы час рэктар Купалаўскага ўніверсітэта сустрэнецца са студэнцкім актывам яшчэ шасці факультэтаў.