Канферэнцыя ўпершыню праводзіцца ў фармаце конкурсу работ навучэнцаў сярэдніх, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і студэнтаў вышэйшых устаноў адукацыі.
X Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя-конкурс «Ад Альфа да Амега...» з міжнародным удзелам адбудзецца 1 лістапада ў рэжыме онлайн. Удзельнікам будзе прапанавана выступіць са сваімі дакладамі перад кампетэнтным журы ў рамках відэаканферэнцыі. Пра жаданне прадставіць сваю працу вочна, у традыцыйным фармаце, у адной з аўдыторый універсітэта арганізатараў мерапрыемства неабходна праінфармаваць загадзя, выслаўшы паведамленне на электронную пошту alfa.mf@grsu.by.
Канферэнцыя-конкурс «Ад Альфа да Амега...» праводзіцца факультэтам матэматыкі і інфарматыкі Купалаўскага ўніверсітэта. Мерапрыемства арганізавана з мэтай выяўлення і падтрымкі таленавітых і здольных школьнікаў і студэнтаў, захопленых навукай, прафесійнай арыентацыі старшакласнікаў, прыцягнення навучэнцаў да навуковай творчасці і даследчай працы.
Пасля паспяховага выступлення з дакладамі ўдзельнікі могуць разлічваць на публікацыю сваіх работ у зборніку матэрыялаў канферэнцыі. Бо з гэтага года канферэнцыя праходзіць у фармаце конкурсу, лепшыя даклады па рашэнні журы ў кожнай з секцый будуць узнагароджаны дыпломамі і граматамі.