Пасяджэнне па выніках працы дыялогавых пляцовак у Гродзенскай вобласці і па падрыхтоўцы да шостага Усебеларускага народнага сходу адбылося 11 лістапада ў Купалаўскім універсітэце.
У працы выніковага пасяджэння прынялі ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, а таксама мадэратары ўсіх дыялогавых пляцовак, якія раней праходзілі ў рэгіёне, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый.
- У Гродзенскай вобласці адбылося 9 дыялогавых пляцовак, сфармаваны 62 прапановы, якія будуць накіраваны для далейшага разгляду на рэспубліканскім узроўні, - распавёў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік. - Больш за ўсё было прапаноў падчас працы дыялогавай пляцоўкі, прысвечанай удасканаленню маладзёжнай палітыкі. Прыемна, што нашу моладзь хвалюе лёс краіны.
Удзельнікі «Гродзенскага дыялогу-2020» на працягу некалькіх тыдняў абмяркоўвалі прапановы, якія тычацца партыйнага будаўніцтва і канстытуцыйнай рэформы, развіцця медыцыны і сацыяльнай сферы, паляпшэння бізнес-клімату ў краіне. Па кожным з кірункаў для разгляду на рэспубліканскім узроўні вылучана каля дзесяці і больш прапаноў. Падчас працы дыялогавай пляцоўкі, прысвечанай удасканаленню маладзёжнай палітыкі, было прапанавана 24 ідэі.
- Удзельнікі дыялогавых пляцовак, якія адбыліся ў рэгіёне, актыўна і прадуктыўна папрацавалі па розных напрамках, - рэзюмаваў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч. - Усе прапановы былі абагульнены і прааналізаваны, узгоднены з экспертамі. Дарэчы, падчас дыскусій была агучана прапанова зрабіць падобныя сустрэчы ў рамках дыялогавых пляцовак рэгулярнымі.
Дыялогавыя пляцоўкі могуць стаць пастаянна дзеючымі на базе дзвюх устаноў вышэйшай адукацыі рэгіёну - Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Такую ідэю падтрымаў і Уладзімір Каранік. Ён звярнуў увагу на тое, што дыялогавыя пляцоўкі спрыяюць інфармаванню людзей аб той працы, якая праводзіцца на ўзроўні дзяржавы, дазваляюць пачуць розныя меркаванні, якія ёсць у грамадзянскай супольнасці.
- Гэта вельмі важна - казаць пра тое, што хвалюе грамадскасць, абмяркоўваць і шукаць найбольш аптымальныя варыянты дзяржаўнага ладу, - адзначыў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў. - Магчыма, мы сёння не вырашым усіх пытанняў, але будзем ведаць запыты грамадства. І важна памятаць пра тое, што механізм уладкавання дзяржавы вельмі складаны, і трэба быць асцярожнымі з новаўвядзеннямі.
Падчас пасяджэння абласнога арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню шостага Усебеларускага сходу выніковая справаздача прадставілі кіраўнікі ўсіх дыялогавых пляцовак, якія працавалі ў Гродзенскім рэгіёне. Як было адзначана, усе прапановы, агучаныя падчас «Гродзенскага дыялогу-2020», будуць унесены ў выніковы дакумент - незалежна ад таго, былі яны падтрыманы экспертамі ці не. Ідэі будуць абмяркоўвацца на рэспубліканскім узроўні, найбольш перспектыўныя прапановы знойдуць адлюстраванне ў праекце новай канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.