Рэспубліканскі конкурс студэнцкіх сем'яў адбудзецца з 17 па 20 лістапада ў Магілёве.
Студэнтка 3 курса Карына Масліннікава і студэнт 4 курса факультэта мастацтваў і дызайну Купалаўскага ўніверсітэта Уладзімір Масліннікаў паспяхова справіліся з выпрабаваннямі адборачнага этапу і апынуліся ў ліку васьмі студэнцкіх сем'яў, якія будуць змагацца за першае месца ў рэспубліканскім конкурсе «Шчаслівыя разам». Сярод асноўных конкурсных выпрабаванняў - «Вясёлыя старты для маладых сем'яў», «Сямейны бюджэт», «Святочная вячэра», «Умелыя рукі», «Святочная сервіроўка стала», а таксама фота- і відэапрэзентацыя сям'і і творчае выступленне на тэму «Сям'я талентамі багатая».
Пераможцы будуць вызначаны ў некалькіх намінацыях. У складзе журы - прадстаўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, устаноў вышэйшай адукацыі, спецыялісты ў розных жанрах мастацкай творчасці і кулінарнага мастацтва. Акрамя асноўных крытэрыяў, ацэньваецца згуртаванасць студэнцкай сям'і, крэатыўнасць, арыгінальнасць і стыль.
Рэспубліканскі конкурс «Шчаслівыя разам» праводзіцца з мэтай падтрымкі студэнцкіх сем'яў, папулярызацыі іх станоўчага іміджу, развіцця творчага, дзелавога і культурнага патэнцыялу маладых сем'яў.