Навучанне ажыццяўляецца ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж Купалаўскім універсітэтам і Фондам падтрымкі навучання і развіцця таленавітых студэнтаў КНР.
Аб старце адукацыйнай праграмы было абвешчана падчас афіцыйнай сустрэчы прадстаўнікоў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Фонду падтрымкі навучання і развіцця таленавітых студэнтаў Кітайскай Народнай Рэспублікі. Сустрэча прайшла ў рэжыме відэаканферэнцыі. У анлайн-фармаце ў бліжэйшы час будуць праходзіць і першыя заняткі ў магістрантаў з Кітая, што абумоўлена складанай эпідэмічнай сітуацыяй.
- Нягледзячы на тое, што нас падзяляюць тысячы кіламетраў, я ўсё ж хачу сказаць вам: «Сардэчна запрашаем у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы!», - звярнулася ў сваім вітальным слове рэктар Ірына Кітурка. - Сто чалавек сёння папоўнілі шэрагі купалаўцаў, гэта магістранты з Кітайскай Народнай Рэспублікі, якія будуць навучацца ў нас па спецыяльнасцях «Адукацыйны менеджмент», «Эканоміка» і «Фінансы».
Ірына Кітурка адзначыла, што ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў дадзены момант навучаюцца больш за 900 замежных студэнтаў з 28 краін свету, з іх 112 грамадзян Кітаю. Старт новай адукацыйнай праграмы дазволіў павялічыць колькасць кітайскіх грамадзян ў Купалаўскім універсітэце амаль удвая.
Падчас онлайн-сустрэчы прадстаўнік Фонду падтрымкі навучання і развіцця таленавітых студэнтаў КНР Ціян Дзі павіншаваў магістрантаў з паспяховай здачай уступных выпрабаванняў і пажадаў ім цікавай і плённай вучобы. Ціян Дзі нагадаў, што асноўная мэта дзейнасці Фонду, які ён прадстаўляе, - развіццё талентаў на міжнародным узроўні.
- Дазвольце выказаць падзяку кіраўніцтву і выкладчыкам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за тое, што яны прыклалі нямала намаганняў і дапамаглі нам у рэалізацыі праекта «Развіццё талентаў», - падкрэсліў прадстаўнік Фонду падтрымкі навучання і развіцця таленавітых студэнтаў КНР Ціян Дзі. - Беларусь з'яўляецца адным з асноўных партнёраў Кітая, у тым ліку і ў адукацыйнай сферы. І сёння мы пачынаем новы этап супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.
На актыўнае развіццё партнёрскіх узаемаадносін з Кітаем звярнула ўвагу і рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна адзначыла, што на дадзены момант дзейнічае 7 дамоваў паміж Купалаўскім універсітэтам і ўстановамі вышэйшай адукацыі Кітая, дзякуючы якім паспяхова рэалізуюцца не толькі праграмы акадэмічнай мабільнасці, але і праграмы сумеснага навучання, у тым ліку і такія адукацыйныя праграмы, удзельнікі якіх па заканчэнні навучання атрымліваюць дыпломы адразу дзвюх устаноў адукацыі.
- Прывабнасць беларускай адукацыі расце. Гэта прыкметна і па колькасці замежных студэнтаў, якія прыязджаюць да нас вучыцца, - распавяла Ірына Кітурка. - Што тычыцца Купалаўскага ўніверсітэта, мы першымі ў рэспубліцы сярод устаноў вышэйшай адукацыі прынялі стратэгію інтэрнацыяналізацыі. Шмат працавалі над фарміраваннем канкурэнтных пераваг нашага універсітэта. Некалькі гадоў таму ў нас стартавала праграма «Англамоўны універсітэт». Мы пастаянна працуем над тым, каб павышаць узровень валодання замежнай мовай у нашых выкладчыкаў. Зараз у універсітэце па 16 спецыяльнасцях другой ступені навучанне праводзіцца на англійскай мове.
Навучацца на англійскай мове будуць і магістранты з Кітая. Плануецца, што ўжо ў гэтым месяцы для кітайскіх грамадзян стартуюць заняткі яшчэ па трох спецыяльнасцях магістратуры - «Псіхалогія», «Правазнаўства» і «Літаратуразнаўства».
Пра перспектывы, якія адкрывае навучанне ў ГрДУ імя Янкі Купалы, магістрантам з Кітая распавялі падчас онлайн-сустрэчы. У прыватнасці, начальнік Цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі Алена Белакоз ў фармаце прэзентацыі прадэманстравала, чаму ГрДУ імя Янкі Купалы можа стаць для кожнага навучэнца ўніверсітэтам для рэалізацыі яго магчымасцяў. У сваю чаргу, адзін з магістрантаў Цао Сюй выказаў пажаданне хутчэй пачаць заняткі ў традыцыйным, вочным, фармаце або, ва ўсякім разе, прыехаць у Гродна хоць бы на ўрачыстую цырымонію ўручэння дыплома магістра.
Дарэчы, праекты Фонду падтрымкі навучання і развіцця таленавітых студэнтаў КНР падтрымліваюцца на ўзроўні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. ГрДУ імя Янкі Купалы падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з Фондам ў лютым 2020 года. Дакумент з'яўляецца прававой асновай для правядзення сумесных навуковых даследаванняў, абмену студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі для іх навучання, абмену навуковымі матэрыяламі, выданнямі і інфармацыяй па адпаведных спецыяльнасцях, абмену навукоўцамі і выкладчыкамі для чытання лекцый і правядзення кансультацый.