Дыялог Міністра з моладдзю стаў адным з першых мерапрыемстваў у рамках трохдзённага форуму «Гродна - моладзевая сталіца Беларусі-2021».
Удзельнікі круглага стала абмеркавалі пытанні, якія датычацца арганізацыі адукацыйнага працэсу, дзейнасці органаў студэнцкага самакіравання, актыўнага ўключэння моладзі ў сацыяльна-эканамічнае жыццё краіны. Абмеркавалі таксама вынікі VI Усебеларускага народнага сходу.
- Калі мы гаворым пра арганізацыю адукацыйнага працэсу, то сёння нельга разглядаць моладзь выключна ў якасці аб'екта. Студэнты - гэта актыўны суб'ект адукацыйнай дзейнасці. Таму нам, прадстаўнікам органаў улады, вельмі важна разумець, якія пытанні хвалююць маладых людзей, якія праблемы ў іх узнікаюць, каб сумеснымі намаганнямі шукаць шляхі вырашэння, - адзначыў Ігар Карпенка.
На сустрэчы студэнтаў з Міністрам адукацыі прысутнічалі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Пранюк, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Дыялог з Міністрам, які адбыўся ў сценах Купалаўскага ўніверсітэта, фактычна, даў старт вялікаму форуму «Гродна - моладзевая сталіца Беларусі-2021».
Асноўныя святочныя мерапрыемствы пройдуць 25 лютага. Ва ўрачыстай цырымоніі перадачы эстафеты моладзевай сталіцы Гродна прымуць удзел студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі рэспублікі, маладыя дэпутаты, прадстаўнікі працоўнай моладзі. У рамках форуму запланаваны тэматычныя дыялогавыя пляцоўкі, рэспубліканскі семінар па пытаннях арганізацыі выхаваўчай працы ў сістэме адукацыі краіны, сустрэчы моладзі з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады. Чакаецца, што маладыя людзі абмяркуюць шэраг надзённых пытанняў, якія тычацца рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў рэспубліцы, у прыватнасці, праект праграмы патрыятычнага выхавання моладзі, пытанні валанцёрскага руху, а таксама працаўладкавання і часовай занятасці.