Першае пасяджэнне 24 лютага аб'яднала за круглым сталом выпускнікоў-купалаўцаў розных гадоў, якія дабіліся поспехаў у прафесіі.
I З'езд выпускнікоў універсітэта адбыўся ў 2020 годзе, упершыню ў гісторыі вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, і быў прымеркаваны да 80-годдзя ГрДУ імя Янкі Купалы. Запрошанымі гасцямі сталі выпускнікі, якія адбыліся ў прафесіі, з'яўляюцца паспяховымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі нашай краіны, а таксама актыўна ўдзельнічаюць у жыцці роднага ўніверсітэта. Быў абраны Прэзідыум Асацыяцыі выпускнікоў, якія праз год ізноў сустрэліся ў сценах сваёй Alma Mater.
Ва ўступным слове рэктар Ірына Кітурка павітала членаў Прэзідыума Асацыяцыі выпускнікоў, распавяла аб асноўных выніках рэалізацыі Стратэгіі развіцця ўніверсітэта на 2016-2020 гады. Яна адзначыла, што мэта сённяшняй сустрэчы - даведацца, як члены Асацыяцыі бачаць сваю ролю ў рэалізацыі стратэгічных планаў развіцця Купалаўскага ўніверсітэта, павышэнні і ўмацаванні яго іміджу.
- Мы на працягу года працавалі над стварэннем новай Стратэгіі развіцця ўніверсітэта, на 2021-2025. У гэтую працу вельмі актыўна ўключыліся нашы студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі, таму што менавіта ад іх залежыць, якім будзе Купалаўскі ўніверсітэт праз некалькі гадоў. І мы б хацелі, каб выпускнікі ўніверсітэта ўдзельнічалі ва ўвасабленні нашай амбіцыйнай Стратэгіі ў жыццё.
Ірына Фёдараўна распавяла пра пяць кірункаў, якія ляглі ў аснову «Стратэгіі апераджальнага развіцця на 2021-2025» - «Інавацыйна-успрымальны ўніверсітэт», «Універсітэт без межаў», «Універсітэт устойлівага развіцця», «Смарт-універсітэт», «Асобасна-арыентаваны ўніверсітэт» - і падкрэсліла, што кожнае з іх ставіць пэўныя мэты і задачы.
Удзел выпускнікоў у рэалізацыі Стратэгіі Купалаўскі ўніверсітэт бачыць у правядзенні сумесных семінараў, майстар-класаў з мэтай павышэння кваліфікацыі і прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў. Таксама гэта ўзаемадзеянне ва ўдасканаленні сістэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі і забеспячэнні другаснай занятасці студэнтаў, працаўладкаванні маладых спецыялістаў. Дарэчы, шмат у чым праца па гэтых напрамках ужо вядзецца. Таксама купалаўцы спадзяюцца на ўдзел членаў Асацыяцыі выпускнікоў і членаў яе Прэзідыума ў інфармаванні пра магчымасці ўніверсітэта, сумеснай працы над умацаваннем іміджу Alma Mater, падтрымку ва ўдасканаленні Фонду развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы.
Выпускнік ГрДУ імя Янкі Купалы, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль падкрэсліў, што Купалаўскі ўніверсітэт зрабіў вялікую працу па выпрацоўцы канцэптуальных напрамкаў развіцця на бліжэйшыя некалькі гадоў і зараз стаіць задача напоўніць іх канкрэтнымі праграмамі. Гэта, у тым ліку, можа быць зроблена сіламі членаў Асацыяцыі выпускнікоў, якія валодаюць ведамі і багатым вопытам у розных галінах.
- Варта папрацаваць над стварэннем Дарожных карт развіцця: у чым мы бачым вынікі нашага ўзаемадзеяння, вызначыць канкрэтныя механізмы. Любыя пераўтварэнні павінны насіць пакрокавы характар. Магчыма, членам Прэзідыума спатрэбяцца адпаведныя на тое паўнамоцтвы.
Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская падкрэсліла неабходнасць пашырэння ўзаемадзеяння з ГрДУ імя Янкі Купалы ў рамках Гродзенскага абласнога адукацыйнага кластара па шырокім спектры напрамкаў.
У рэжыме онлайн мадэратар пасяджэння - старшыня Асацыяцыі выпускнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы, дырэктар Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава Сяргей Маскевіч - адзначыў, што неабходна развіваць супрацоўніцтва з выпускнікамі і падтрымліваць устойлівыя сувязі з дапамогай кафедраў, на якіх яны навучаліся.
У завяршэнні сустрэчы рэктар Ірына Кітурка падзякавала прысутным за прадуктыўны дыялог. Члены Прэзідыума запланавалі правесці чарговую сустрэчу праз месяц, за час якога будуць сфармуляваны канкрэтныя прапановы па працы Асацыяцыі выпускнікоў.