Студэнты разам з кіраўніком горада пабывалі каля навучальных карпусоў на Захарава і Гаспадарчей, а таксама на тэрыторыі ў новага інтэрната.
Прапанова арганізаваць сустрэчу на аб'ектах з абмеркаваннем актуальных пытанняў добраўпарадкавання і развіцця горада было агучана старшынёй Гродзенскага гарвыканкама Мечыславам Гоем падчас адкрытага дыялогу, які адбыўся ў сакавіку ў сценах ГрДУ імя Янкі Купалы. Тады студэнты распавялі пра свае ідэі па добраўпарадкаванні тэрыторый і дарог каля некаторых навучальных карпусоў універсітэта. Так, каля корпуса факультэта эканомікі і кіравання на Гаспадарчей прадстаўнікі студэнцкага самакіравання прапанавалі акультурыць пустыр насупраць будынка факультэта.
- Мы б хацелі бачыць на гэтай тэрыторыі спартыўную пляцоўку, дзе студэнты нашага ўніверсітэта маглі б займацца спортам. Побач са спортпляцоўкай можна добраўпарадкаваць тэрыторыю: зрабіць дарожкі, паставіць лаўкі. Студэнты гатовыя распрацаваць сваё бачанне праекта добраўпарадкавання дадзенай тэрыторыі, - падзялілася планамі студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Вераніка Басінская.
Кіраўнік горада ідэю падтрымаў. Асаблівую ўвагу Мечыслаў Гой звярнуў на гатоўнасць студэнтаў паўдзельнічаць у яе рэалізацыі.
- Вельмі задаволены, што моладзь хвалюе пытанне добраўпарадкавання і развіцця горада, - адзначыў Мечыслаў Гой. - Што тычыцца пусткі па вуліцы Гаспадарчей, мы чакаем праект добраўпарадкавання ад студэнтаў, а затым з задавальненнем дапаможам яго рэалізаваць. Тут сабралася такая актыўная група студэнтаў, якая зможа паказаць усім, што яны не толькі прапануюць ідэі, але і самі гатовыя рэалізоўваць іх на практыцы. А мы, прадстаўнікі органаў улады, у сваю чаргу, заўсёды стараемся падтрымліваць ініцыятывы маладых людзей.
Разам са старшынёй Гродзенскага гарвыканкама студэнты абмеркавалі і магчымасць рамонту дарогі, па якой часта ходзяць студэнты, перасоўваючыся ад навучальных карпусоў на Леніна і Ажэшкі да будынка педагагічнага факультэта, а таксама факультэта фізічнай культуры на вуліцы Захарава.
- Вуліца ў дрэнным стане, хадзіць тут не толькі некамфортна, але і траўманебяспечна. Таму мы просім старшыню Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта добраўпарадкаваць гэтую вуліцу. Мы гатовыя паўдзельнічаць у азеляненні тэрыторыі, - выказаў сваё меркаванне студэнт Аляксандр Сілівончык.
Студэнты таксама звярнулі ўвагу на тое, што каля корпуса на Захарава не хапае пешаходных пераходаў. Мечыслаў Гой пагадзіўся з тым, што гэтае пытанне неабходна вырашыць, паколькі яно звязана з захаваннем правіл бяспекі дарожнага руху.
Яшчэ адным аб'ектам, на якім пабываў кіраўнік горада разам са студэнтамі Купалаўскага ўніверсітэта, стала тэрыторыя каля новага інтэрната. Рабяты звярнулі ўвагу на вытаптаную дарожку на адным са схілаў і растлумачылі: так многія студэнты скарачаюць шлях. Яны прапанавалі альбо зрабіць тут тратуар, альбо зноў азеляніць, але прадугледзець праход у любым зручным месцы. Студэнты факультэта біялогіі і экалогіі запэўнілі, што яны гатовыя паўдзельнічаць у работах па добраўпарадкаванні.
Усе прапановы студэнтаў Мечыслаў Гой падтрымаў і адзначыў, што асабліва рады жаданню маладых людзей зрабіць частку работ уласнымі рукамі. Старшыня Гродзенскага гарвыканкама яшчэ раз прапанаваў студэнтам смела звяртацца да яго з цікавымі ідэямі з нагоды развіцця горада і сказаў, што чакае ад іх дапамогі ў традыцыйным вясновым навядзенні парадку ў горадзе.