Асноўнымі напрамкамі адкрытага дыялогу Ігара Карпенкі з прафесарска-выкладчыцкім складам ГрДУ імя Янкі Купалы сталі новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, распрацоўка актуальнай адукацыйнай траекторыі і аптымальнай мадэлі нацыянальнай адукацыі.
Сустрэча Ігара Карпенкі з кіраўніцтвам і выкладчыкамі Купалаўскага ўніверсітэта стала працягам цыкла рабочых візітаў Міністра ў навучальныя ўстановы Гродзеншчыны. Напярэдадні Ігар Карпенка пабываў у Ваўкавыскім і Зэльвенскім раёнах, а таксама сустрэўся са студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы ў новым інтэрнаце па вуліцы Дубко.
Круглы стол з калектывам Купалаўскага ўніверсітэта быў арганізаваны ў фармаце адкрытага дыялогу. У пачатку сустрэчы Міністр адукацыі падзякаваў кіраўніцтву, выкладчыкам і супрацоўнікам навучальнай установы за эфектыўную працу ва ўмовах эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама адзначыў, што час патрабуе перагляду існуючай сістэмы адукацыі і фарміравання новых падыходаў у яе развіцці:
- Істотна змянілася адукацыйная парадыгма, таму мы павінны кардынальна перагледзець сістэму адукацыі ў адпаведнасці з новымі рэаліямі. Зусім нядаўна завяршыўся Усебеларускі народны сход, на якім адным з цэнтральных тэзісаў стала развіццё чалавечага патэнцыялу. І адукацыя ў рэалізацыі гэтай тэзы заклікана іграць вызначальную ролю. Мы павінны выбудаваць адукацыйную траекторыю так, каб яна адказвала патрэбам чалавека, грамадства, дзяржавы, - адзначыў Ігар Карпенка.
Міністр адукацыі падкрэсліў, што на дадзены момант на вышэйшым заканадаўчым узроўні распрацоўваецца шэраг важных дакументаў, якія будуць пакладзены ў аснову новай канцэпцыі адукацыі і фарміравання актуальных адукацыйных падыходаў. У іх ліку новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, Канцэпцыя развіцця адукацыі да 2030 года, Дзяржаўная праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва, Дзяржаўная праграма "Адукацыя і моладзевая палітыка" і некаторыя іншыя. Ігар Карпенка заклікаў вышэйшыя навучальныя ўстановы стаць актыўнымі ўдзельнікамі ў распрацоўцы гэтых дакументаў і ўнесці свае прапановы.
Па словах Ігара Карпенкі, у жніўні гэтага года плануецца правядзенне Рэспубліканскага педагагічнага савета, дзе будуць сістэматызаваны ўсе рэкамендацыі і прапановы, падведзены вынікі праведзенай работы па фарміраванні новай Канцэпцыі развіцця адукацыі і Кодэкса аб адукацыі, якія закліканы стаць арыенцірам далейшага ўдасканалення сферы адукацыі.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні аптымізацыі адукацыйных праграм, удасканаленне існуючай сістэмы прафарыентацыі, развіцця больш дзейсных партнёрскіх адносін з працадаўцамі, развіцця навукова-арыентаванай магістратуры, аптымізацыі сістэмы мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, размеркавання студэнтаў платнай формы атрымання адукацыі і замацаванне за імі статусу маладога спецыяліста. Асаблівая ўвага ў час сустрэчы была ўдзелена пытанню рэалізацыі на базе ГрДУ імя Янкі Купалы эксперыментальнага праекта па фарміраванні фонду дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
У канцы сустрэчы рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка падзякавала Ігару Карпенка за візіт, а таксама выказала надзею на тое, што падобныя дыялогавыя пляцоўкі будуць працягнутыя.