Удзельнікамі праекта «Бяспека жыццядзейнасці і ахова здароўя падрастаючага пакалення» стануць студэнты педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.
Стартаваў праект у сакавіку гэтага года. Сумесная ініцыятыва накіравана на падтрыманне працэсу аховы здароўя ва ўстановах адукацыі на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС. Распрацоўшчыкам і каардынатарам праекта выступіла дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Анжэла Пеўнева.
Праект «Бяспека жыццядзейнасці і ахова здароўя падрастаючага пакалення» прадугледжвае навучанне студэнтаў педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы культуры паводзін у надзвычайных сітуацыях з мэтай прафілактыкі, папярэджання і прадухілення няшчасных выпадкаў і гібелі людзей, захавання і ўмацавання здароўя падрастаючага пакалення. У будучыні студэнты-купалаўцы будуць перадаваць свае веды і вопыт дзецям дашкольнага ўзросту і малодшым школьнікам. Вынікам праекта стануць і метадычныя распрацоўкі - гульні, віктарыны, конкурсы, буклеты, рэалізацыя сумесных курсавых і дыпломных праектаў.