Новыя кіраўнікі ўзначалілі філалагічны факультэт і факультэт фізічнай культуры.
На пасаду дэкана філалагічнага факультэта абраная Святлана Віктараўна Ганчар. У 2000 годзе скончыла філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Французская мова. Англійская мова», а ў 2007 годзе - аспірантуру. У 2008 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю, мае вучонае званне дацэнта.
Працоўную дзейнасць у ГрДУ імя Янкі Купалы Святлана Віктараўна пачала ў 2000 годзе ў якасці выкладчыка-стажора. З 2001 года яна - выкладчык кафедры раманскіх моў, з 2008 года - старшы выкладчык, а з 2009 года - дацэнт кафедры раманскіх моў. З 2010 па 2012 год займала пасаду намесніка дэкана філалагічнага факультэта па навуковай рабоце. У 2012 годзе выбрана па конкурсу на пасаду загадчыка кафедры замежных моў, а з 2013 года яна ўзначальвае аб'яднаную кафедру замежных моў.
Святлана Ганчар з'яўляецца аўтарам 53 навуковых публікацый, з іх 1 манаграфія, шэсць вучэбна-метадычных дапаможнікаў (3 - аднаасобна), 5 электронных вучэбна-метадычных комплексаў па выкладаемых дысцыплінах, 7 артыкулаў у выданнях са спісу ВАК Рэспублікі Беларусь, 8 - у замежных навуковых выданнях і рэцэнзіруемых зборніках навуковых прац. Індэкс Хірш - 2.
Па выніках 2016 і 2017 года Святлана Віктараўна заняла 1 месца ў рэйтынгу прафесарска-выкладчыцкага складу ў катэгорыі «Кандыдат навук». За шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі, значныя дасягненні ў навукова-педагагічнай дзейнасці яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Граматай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, лістом падзякі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, трыма падзякамі рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы.
На пасаду дэкана факультэта фізічнай культуры абраны Віталь Уладзіміравіч Храмаў. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры ў 1991 годзе. Вучоная ступень кандыдата педагагічных навук прысуджана ў 1998 годзе, званне дацэнта - у 2004 годзе. Навучаўся ў вочнай дактарантуры Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта імя І. Канта (Калінінград, Расія) з 2009 па 2012 год. Доктарскую дысертацыю абараніў ў 2016 годзе.
Віталь Уладзіміравіч працуе ў ГрДУ імя Янкі Купалы з 1991 года. Займаў пасады выкладчыка і старшага выкладчыка кафедры фізічнага выхавання і спорту, старшага выкладчыка і дацэнта кафедры спартыўных дысцыплін, намесніка дэкана факультэта фізічнай культуры па вучэбнай рабоце. З 2013 года - загадчык кафедры спартыўных дысцыплін факультэта фізічнай культуры.
Віталь Храмаў з'яўляецца аўтарам больш за 140 публікацый, з іх 3 манаграфіі, 5 электронных вучэбна-метадычных дапаможнікаў з адпаведнымі грыфамі, 32 працы ў выданнях са спісу ВАК РБ, 3 публікацыі ў часопісах, якія ўваходзяць у базы Scopus і WoS. Індэкс Хірш: Google Scholar - 4, Scopus - 1, РІНЦ - 4.
За высокія паказчыкі ў развіцці навукі і інавацыйнай дзейнасці Віталь Уладзіміравіч узнагароджваўся Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскім абласным Саветам дэпутатаў, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, таксама адзначаны нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі».