Мерапрыемствы да Дня Перамогі і Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь праходзяць на розных пляцоўках горада і ўніверсітэта.
Прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта з самай раніцы далучыліся да цырымоніі ўскладання кветак да помніка воінам-вызваліцелям горада Гродна ў парку імя Жылібера. А затым прынялі ўдзел у гарадскім урачыстым мітынгу, прысвечаным Дню Перамогі, які адбыўся ля Кургана Славы.
Пасля асноўных урачыстых мерапрыемстваў купалаўцы запрасілі ўдзельнікаў свята далучыцца да працы іх інтэрактыўных пляцовак. Студэнты педагагічнага факультэта, курсанты ваеннага факультэта і ўдзельнікі праекта ГрДУ імя Янкі Купалы "Жывая гісторыя" разгарнулі тэматычную інтэрактыўную зону «Салют, Перамога!», у рамках якой працавала пляцоўка «Салдацкі прывал», курсанты прэзентавалі дзейнасць ваеннага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта, а студэнты-валанцёры, будучыя педагогі, праводзілі забаўляльную праграму для маленькіх удзельнікаў свята. Творчыя калектывы ўніверсітэта паўдзельнічалі таксама ў вялікай канцэртнай праграме, падрыхтаванай для гараджан да Дня Перамогі. У гэты ж час студэнты факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы выступілі на сцэне адкрытага абласнога фестывалю патрыятычнай песні «Сэрца зямлі маёй». Фестываль быў прымеркаваны да Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.
Дарэчы, да гэтага дзяржаўнага свята, які таксама выпаў на 9 мая, у ГрДУ імя Янкі Купалы правялі асобнае ўрачыстае мерапрыемства. Купалаўцы сабраліся на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга, а затым лепшыя студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі, якія сваімі дасягненнямі ў галіне адукацыі, навукі, спорту і культуры ўслаўляюць ГрДУ імя Янкі Купалы ў краіне і за яе межамі, былі ўдастоены ганаровага права вынасу і ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.