Першая сустрэча Ірыны Кітурка з працоўным калектывам факультэта біялогіі і экалогіі адбылася 18 мая.
У пачатку дыялогу Ірына Фёдараўна падзякавала калектыву за працу і адзначыла, што сёння неабходна рабіць стаўку на развіццё факультэта біялогіі і экалогіі, на паляпшэнне яго матэрыяльна-тэхнічнай базы.
- Ужо вядома, што за кошт сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця на факультэце біялогіі і экалогіі будзе адкрыта межкафедральная вучэбна-вытворчая лабараторыя «Малекулярная генетыка і біятэхналогія». Гэта, несумненна, дасць магчымасць павысіць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, - падкрэсліла Ірына Кітурка.
Затым рэктар Купалаўскага ўніверсітэта звярнула ўвагу на тое, што серыя сустрэч з працоўным калектывам на факультэтах была ініцыяваная, каб звярнуць увагу супрацоўнікаў на шэраг важных момантаў, якія патрабуюць сумеснага падыходу да іх вырашэння. Так, удзельнікі дыялогу абмеркавалі шляхі рэалізацыі нядаўна прынятай Стратэгіі апераджальнага развіцця ўніверсітэта, а таксама важнасць развіцця студэнтацэнтрыраванага падыходу ў адукацыі. Пагаварылі аб тым, як захаваць прэстыж вышэйшай адукацыі і вызначылі, што менавіта Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы можа зрабіць сваёй канкурэнтнай перавагай.
- Для нас адным з галоўных павінна заставацца пытанне захавання кантынгенту студэнтаў, - адзначыла Ірына Кітурка. - Неабходна весці добрую прафарыентацыйную працу, каб ведаць загадзя, якія студэнты да нас прыйдуць вучыцца заўтра. Важна, каб да нас ва ўніверсітэт паступалі сапраўды лепшыя. І гэта залежыць ад нас з вамі, ад якасці нашых сумесных намаганняў.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы звярнула ўвагу і на карпаратыўную культуру і на важнасць працоўнай дысцыпліны. Распавяла пра тое, што ў мэтах бяспекі супрацоўнікаў і студэнтаў плануецца ўвядзенне прапускнога рэжыму ў чатырох навучальных карпусах універсітэта: у галоўным корпусе па вул. Ажэшкі, а таксама ў карпусах на Даватара, Курчатава і Захарава. У сваю чаргу супрацоўнікі факультэта біялогіі і экалогіі падчас дыялогу змаглі задаць рэктару самыя розныя пытанні, якія іх цікавяць - якія тычацца прапускной сістэмы, павышэння якасці працы выкладчыкаў і падрыхтоўкі спецыялістаў, актывізацыі навукова-даследчай дзейнасці і абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы факультэта.
Напрыканцы размовы рэктар Ірына Кітурка яшчэ раз падкрэсліла, што самае галоўнае ва ўніверсітэце - гэта людзі, і яны павінны быць камандай аднадумцаў. Бо толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць вялікага поспеху і павысіць імідж Купалаўскага ўуніверсітэта як у нашай краіне, так і за мяжой.