У рэгіянальным цэнтры тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі ГрДУ імя Янкі Купалы падвялі вынікі рэгістрацыі на ЦТ-2021.
Падаць дакументы для праходжання ўступных выпрабаванняў абітурыенты Гродзенскай вобласці маглі ў адным з трох пунктаў рэгістрацыі Купалаўскага ўніверсітэта - у Гродне, Лідзе і Ваўкавыску, а таксама ў пункце рэгістрацыі на базе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Начальнік рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі ГрДУ імя Янкі Купалы Аксана Валюк адзначыла, што асабліва запатрабаванай апынулася паслуга электроннай чаргі. Амаль 80 працэнтаў абітурыентаў скарысталіся магчымасцю ў рэжыме онлайн вызначыць дату і час наведвання пункта рэгістрацыі, што дазволіла пазбегнуць масавага збору людзей.
- У гэтым годзе 5111 абітурыентаў напішуць 17406 тэстаў па 15 прадметах. Найбольш шматлікімі па колькасці ўдзельнікаў будуць уступныя выпрабаванні па рускай мове, матэматыцы, а таксама англійскай мове, - распавяла Аксана Валюк.
Так, у Гродзенскай вобласці рускую мову плануюць здаваць 3948 абітурыентаў, матэматыку - 2667, тэсты па англійскай мове будуць пісаць 2037 чалавек. Менш за ўсё тэстаў у рэгіёне напішуць па французскай мове - 27, іспанскай - 12, тэст па кітайскай мове будзе здаваць усяго 1 абітурыент. Пункты правядзення ЦТ традыцыйна будуць працаваць у Гродне, Лідзе і Ваўкавыску. Уступныя выпрабаванні будуць праходзіць у 9 навучальных карпусах, плануецца задзейнічаць 145 аўдыторый.
Для тых, хто зарэгістраваўся для ўдзелу ў ЦТ, уступныя іспыты ў гэтым годзе пачнуцца з 16 чэрвеня, а завершацца 8 ліпеня. Як заўсёды, прадугледжаны і рэзервовыя дні ЦТ: 14, 16 і 18 ліпеня. Рэгістрацыя абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні будзе ажыццяўляцца з 2 па 9 ліпеня.