У Гродзенскай вобласці 16 чэрвеня тэсты па беларускай мове здаюць 1633 абітурыента.
Як распавёў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, для паспяховага правядзення ўступных выпрабаванняў створаны ўсе ўмовы.
- Падрыхтаваны аўдыторыі, забяспечана канфідэнцыяльнасць тэставых заданняў, выкананыя патрабаванні бяспекі, а таксама выкананы ўсе неабходныя санітарна-эпідэміялагічныя мерапрыемствы. Уважліва сачыць за ходам уступных выпрабаванняў будуць 28 прадстаўнікоў Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці, - адзначыў Анатоль Дарожка.
У Гродзенскай вобласці цэнтралізаванае тэсціраванне пройдзе на базе пунктаў ГрДУ імя Янкі Купалы ў Гродне, Лідзе і Ваўкавыску, а таксама Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Усяго ў рэгіёне ўдзел у ЦТ у гэтым годзе прымуць 5111 абітурыентаў.
- Купалаўскі ўніверсітэт ужо 15 гадоў з'яўляецца асноўным каардынатарам правядзення ў Гродзенскай вобласці цэнтралізаванага тэсціравання. На базе ГрДУ імя Янкі Купалы ажыццяўляецца рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў тэсціраванні, а затым праводзяцца і самі выпрабаванні. Так, у гэтым годзе задзейнічана 8 навучальных карпусоў універсітэта для напісання тэстаў абітурыентамі, падрыхтавана амаль 2300 пасадачных месцаў. Сёння беларускую мову абітурыенты здаюць у 3 навучальных карпусах універсітэта, задзейнічана 27 аўдыторый. У Купалаўскім універсітэце пішуць першы тэст 696 абітурыентаў, - распавяла рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
У адпаведнасці з графікам правядзення ЦТ-2021 далей абітурыентаў чакае тэсціраванне па рускай мове, выпрабаванні будуць праходзіць 18 і 19 чэрвеня. Тэсты па грамадазнаўстве абітурыенты напішуць 21 чэрвеня, а па матэматыцы - 23 і 24 чэрвеня. ЦТ па біялогіі адбудзецца 26 чэрвеня, па замежнай мове - 28 чэрвеня, па хіміі - 30 чэрвеня. На пачатак ліпеня запланаваны выпрабаванні яшчэ па чатырох вучэбных прадметах: 2 ліпеня можна будзе здаць ЦТ па фізіцы, 4 ліпеня - па гісторыі Беларусі, 6 ліпеня - па геаграфіі і 8 ліпеня - па сусветнай гісторыі (найноўшы час). Як заўсёды, прадугледжаны і рэзервовыя дні ЦТ: 14, 16 і 18 ліпеня. Рэгістрацыя абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні будзе ажыццяўляцца з 2 па 9 ліпеня.