Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі стан, тэндэнцыі і праблемы падрыхтоўкі навуковых кадраў для ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства адукацыі, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, рэктары устаноў вышэйшай адукацыі. З уступным словам да ўдзельнікаў семінара звярнулася старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава.
- Пытанне падрыхтоўкі навуковых кадраў для ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны і прыцягнення маладых людзей у навуку па-ранейшаму застаецца досыць актуальным, хоць, варта адзначыць, у нашай краіне ўжо шмат зроблена ў гэтым кірунку: гэта і стыпендыі, і гранты, і надбаўкі да стыпендый для маладых навукоўцаў. Разам з тым яшчэ ёсць праблемныя моманты, і я хацела б пачуць ваша экспертнае меркаванне з нагоды іх вырашэння, - адзначыла Наталля Качанава.
Далучыўся да працы савета і старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік. Ён актыўна ўключыўся ў абмеркаванне дакладаў, звярнуўшы ўвагу на тое, што да навуковай і выкладчыцкай дзейнасці неабходна больш актыўна прыцягваць ініцыятыўных спецыялістаў-практыкаў. Удзельнікамі сустрэчы таксама было закранута пытанне, звязанае з працай Савета па абароне дысертацый. За круглым сталом абмеркавалі праблему тэматыкі навуковых прац. На думку экспертаў, тут добра было б правесці аналіз з мэтай вызначыць, наколькі тэмы дысертацый адпавядаюць прыярытэтам сацыяльнай і эканамічнай палітыкі нашай дзяржавы. Удзельнікі пасяджэння зрабілі акцэнт і на ўкараненні навуковых распрацовак у практыку, на камерцыялізацыі ідэй беларускіх вучоных.
З дакладамі выступілі намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Андрэй Косаўскі, першы намеснік Міністра адукацыі Ірына Старавойтава, старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі Аляксандр Гучок, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Андрэй Іванец і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Ірына Фёдараўна распавяла аб эфектыўнай кадравай палітыцы, якая праводзіцца ў Купалаўскім універсітэце, адзначыўшы, што важным фактарам ўстойлівага развіцця сучаснай установы вышэйшай адукацыі з'яўляецца менавіта чалавечы рэсурс.
- Для паспяховага прыцягнення маладых кадраў у навуку павінна быць выбудаваная сістэма, - звярнула ўвагу Ірына Кітурка. - Пошук таленавітых, маладых, цікавых рабят, якія ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах, у вучнёўскіх канферэнцыях, неабходна пачынаць яшчэ са школы. Суправаджаць гэтых адораных дзяцей аж да іх паступлення ва ўніверсітэт, а затым ствараць умовы для самарэалізацыі найбольш здольных студэнтаў, каб яны заставаліся ў навуцы.
Ірына Кітурка распавяла, што з гэтай мэтай у ГрДУ імя Янкі Купалы створаны і паспяхова працуе Фонд падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі. Акрамя таго, і студэнты, і супрацоўнікі могуць разлічваць на матэрыяльную падтрымку сваіх ідэй і праектаў са сродкаў Фонду інавацыйнага развіцця і Фонду падтрымкі факультэцкіх ініцыятыў. Існуе сістэма універсітэцкіх грантаў для завяршэння працы над дысертацыямі, што таксама забяспечвае матэрыяльную падтрымку маладых навукоўцаў.
Кожны з дакладаў, з якімі выступалі ўдзельнікі выязнога пасяджэння, суправаджаўся актыўным абмеркаваннем. Падводзячы вынікі сустрэчы, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Андрэй Іванец адзначыў, што навуковая сфера забяспечвае нацыянальную бяспеку нашай краіны.
- Без моцных кадраў, навуковых тэхналогій мы не зможа забяспечыць годнае жыццё насельніцтва рэспублікі і інавацыйнае развіццё эканомікі, - акцэнтаваў увагу Андрэй Іванец. - І сёння вельмі важна ствараць умовы для прыцягнення моладзі ў навуку і для выканання дысертацыйных даследаванняў на самым высокім узроўні, а менавіта: абнаўляць матэрыяльна-тэхнічную базу ўніверсітэтаў і навуковых устаноў, забяспечваць сацыяльную і матэрыяльную падтрымку маладых навукоўцаў.
Праца савета працягвалася больш за тры з паловай гадзіны. На заканчэнне старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падзякавала ўсім удзельнікам выязнога паседжання за адкрытую размову і адзначыла, што ўсе агучаныя сёння прапановы будуць прааналізаваны і накіраваны для разгляду ў дзяржаўныя органы. Наталля Качанава яшчэ раз падкрэсліла, што важна не ўпусціць таленавітых маладых людзей, падтрымаць іх, дапамагчы ім рэалізаваць сябе, каб яны адчувалі, што іх здольнасці, веды і кампетэнцыі запатрабаваны ў роднай краіне.