Таццяна Ляпешка прыйшла падаваць дакументы на факультэт біялогіі і экалогіі ў свой 18-ы дзень нараджэння.
Выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа 2021 года Ляпешка Таццяна сёння прыйшла падаваць дакументы на дзённую бюджэтную форму атрымання адукацыі спецыяльнасці "Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання" факультэта біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта. Пры афармленні дакументаў высветлілася, што 23 ліпеня 2021 года Таццяне спаўняецца 18 гадоў.
З выбарам спецыяльнасці і ўстановы вышэйшай адукацыі, у якой яна хацела б вучыцца, Таццяна вызначылася даўно. Адказны сакратар прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Карлюкова ўручыла дзяўчыне сімвалічны падарунак і пажадала поспехаў пры залічэнні. Дэкан факультэта біялогіі і экалогіі Аляксандр Карэўскі выказаў упэўненасць у тым, што Таццяна ні ў якім разе не расчаруецца ў сваім выбары.
Падарунак ад Купалаўскага ўніверсітэта стаў для абітурыенткі прыемнай нечаканасцю, а падача дакументаў ператварылася ў сапраўднае свята.