У Купалаўскім універсітэце завяршаецца прыём дакументаў на платную форму атрымання вышэйшай адукацыі I ступені.
Ужо можна казаць аб папярэдніх выніках прыёмнай кампаніі-2021. У ГрДУ імя Янкі Купалы па многіх спецыяльнасцях адбыўся конкурс. Найбольшай папулярнасць у абітурыентаў гэтага года карысталіся спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія (нямецкая)», «Транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)», а таксама спецыяльнасці эканамічнага, юрыдычнага профілю і педагагічнай накіраванасці.
- Адна з новых спецыяльнасцяў гэтага года - «Электрычны аўтаномны транспарт». Яе таксама часта выбіралі абітурыенты, падаючы дакументы на паступленне ў наш універсітэт. Спецыяльнасць вельмі перспектыўная, і яна з'явілася ў нас своечасова, дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню ўніверсітэта з рэзідэнтамі нашага Навукова-тэхналагічнага парку, - адзначыў першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі.
Сярод тых, хто спыніў свой выбар на паступленні ў Купалаўскі ўніверсітэт, у гэтым годзе былі і абітурыенты з высокімі баламі - звыш 350, а таксама пераможцы алімпіяд рознага ўзроўню. Так, у апошні дзень падачы дакументаў на платную форму навучання вызначылася з выбарам на карысць ГрДУ імя Янкі Купалы абітурыентка Аліна Калатовіч, пераможца алімпіяды «Інавацыйна-прававое мысленне абітурыентаў XXI VEKA», якая праходзіла ў Купалаўскім універсітэце ў снежні мінулага года. Паступаць у Гродна дзяўчына прыехала з г. Салігорска Мінскай вобласці.
- Мне спадабаўся ўніверсітэт, ды і Гродна - прыгожы горад. Тут вучыцца мая знаёмая, і яна шмат распавядала, які добры гэта ўніверсітэт. Затым я некаторы час сачыла за падзеямі ва ўніверсітэце і зразумела, што мне ўсё вельмі падабаецца. Вырашыла паступаць на юрыдычны факультэт, таму што яшчэ з 7 класа марыла стаць юрыстам, - падзялілася Аліна Калатовіч.
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ўжо адбылося залічэнне на бюджэтную форму навучання для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені: у лік студэнтаў залічаны 1123 чалавекі. На платную форму навучання плануецца набраць 1205 чалавек. Прыём дакументаў на ўсе формы атрымання вышэйшай адукацыі на платнай аснове, у тым ліку для атрымання другой вышэйшай адукацыі, завяршаецца 9 жніўня ў 18.00.