Маладыя людзі навучаюцца ў Купалаўскім універсітэце па сумеснай праграме з Ташкенцкім дзяржаўным юрыдычным універсітэтам.
Замежныя студэнты спецыяльнасці "Міжнароднае права" па заканчэнні навучання атрымаюць два дыпломы аб вышэйшай адукацыі - Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Ташкенцкага дзяржаўнага юрыдычнага ўніверсітэта. Зараз маладыя людзі на другім курсе. Першы год навучання прыйшоўся на няпросты эпідэміялагічны перыяд, і яны не змаглі прыехаць у Гродна - вучыліся дыстанцыйна. У гэтым годзе студэнты спасцігаюць навуку вочна, чаму вельмі радыя. Ірына Кітурка, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, прыйшла павітаць моладзь і падзякаваць ім за тое, што выбралі для навучання менавіта наш універсітэт.
- Ваш прыезд вялікая падзея і паказчык даверу да нас. Вы прарабілі доўгі шлях, бо нашыя краіны падзяляе амаль 4000 кіламетраў. Купалаўская сям'я зробіць усё для таго, каб вы адчувалі сябе як дома. Шчыра жадаю вам цікавай і няпростай вучобы. Таму што асабліва каштоўныя тыя веды, што дастаюцца ўпартай працай. Але не хвалюйцеся, на ўсім шляху вас будуць падтрымліваць выкладчыкі - прафесіяналы сваёй справы. З імі ў вас усё атрымаецца, - адзначыла Ірына Кітурка.
Да гэтага года на юрыдычным факультэце не ажыццяўлялі падобных сумесных праграм. Купалаўцы спадзяюцца, што ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з Ташкенцкім дзяржаўным юрыдычным універсітэтам будзе плённым.
Дарэчы, ініцыятыва па рэалізацыі праграмы належала нашым замежным калегам. Згодна з адукацыйнай праграмай сумеснай падрыхтоўкі спецыялістаў, студэнты на трэцім курсе будуць вучыцца ў сябе на Радзіме, на чацвёртым вернуцца ў Беларусь. Дзяржаўныя экзамены студэнты будуць здаваць у ГрДУ імя Янкі Купалы, а ў камісію абавязкова ўвойдуць выкладчыкі з Ташкенцкага дзяржаўнага юрыдычнага ўніверсітэта.
Як распавяла дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава, студэнты хутка асвоіліся ў новай абстаноўцы. Яны ўжо падключыліся да ўдзелу ў конкурсе "Міс і Містар універсітэт", а таксама да валанцёрскай дзейнасці - прынялі ўдзел у акцыі "Тыдзень дабра".