Праграма рэалізуецца ў анлайн-фармаце з 1 па 8 лістапада.
Адбор удзельнікаў адукацыйнай анлайн-праграмы ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій ажыццяўляўся са жніўня па кастрычнік. Па выніках індывідуальнай анлайн-гутаркі былі вызначаны 20 фіналістаў. Сярод іх апынуліся таксама прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта: студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Карына Бурлакова, студэнтка 3 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Віялета Вашына, студэнт 2 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Валерый Закрэўскі, студэнт 2 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Аляксей Новік.
Адукацыйная анлайн-праграма ў сферы ІКТ «Насенне будучыні» уяўляе сабой 8-дзённы перыяд навучання, падчас якога ўдзельнікаў чакаюць віртуальныя экскурсіі, інтэрактыўныя заняткі, дэбаты, лекцыі і семінары з экспертамі Huawei. Прамыя трансляцыі лекцый будуць праводзіцца са штаб-кватэры ў Шэньчжэне. Сярод абавязковых курсаў на платформе iLearningX - увядзенне ў 5G, хмарныя вылічэнні і штучны інтэлект. Анлайн-праграма прадугледжвае таксама ўдзел у групавым праекце "Tech4Good". Акрамя таго, студэнты змогуць выбраць курсы па інтарэсах - ІКТ, лідарства, бізнес, аб кампаніі Huawei, сучасны і традыцыйны Кітай.
Студэнты Купалаўскага ўніверсітэта ўжо не першы год прымаюць удзел у глабальнай праграме «Насенне будучыні». Адукацыйны праект рэалізуецца ў рамках праграмы па падрыхтоўцы таленавітай моладзі ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій пры падтрымцы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.