У ГрДУ імя Янкі Купалы 2 лістапада быў падпісаны шэраг дакументаў, якія рэгламентуюць дзейнасць удзельнікаў кластара.
Цырымонія падпісання прайшла з удзелам намесніка старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктара Пранюка, начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігара Булаўкі, рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірыны Кітуркі, а таксама кіраўнікоў СМІ рэгіёну.
- Мы вызначылі планы работы Інавацыйнага медыйнага кластара толькі на бліжэйшы год, таму што добра разумеем, што інфармацыйная прастора настолькі хутка мяняецца, што неўзабаве гэтыя планы, магчыма, ужо запатрабуюць карэкціроўкі, - адзначыў Віктар Пранюк. - Адна з асноўных нашых мэт на бліжэйшую будучыню - падрыхтоўка высокакваліфікаваных журналісцкіх кадраў, якія гатовыя да выклікаў часу. І варта падкрэсліць, што сёння Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы рыхтуе маладых спецыялістаў, журналістаў, якія запатрабаваны на рынку працы.
Планы працы Інавацыйнага медыйнага кластара на 2022 год былі вызначаны падчас семінара-практыкума "Стратэгія падрыхтоўкі кадраў для рэдакцый СМІ Гродзенскай вобласці", які прайшоў два тыдні таму на базе Купалаўскага ўніверсітэта. Сярод пытанняў, якім надалі ўвагу ўдзельнікі семінара, - магчымасць стварэння экспертнай супольнасці з прадстаўнікоў універсітэта для ацэнкі і каментавання грамадска-палітычнай і эканамічнай сітуацыі, а таксама аб'яднанне намаганняў удзельнікаў кластара для арганізацыі прадуктыўнай працы Школ юных журналістаў на базе рэдакцый раённых газет, правядзенне навуковых даследаванняў з мэтай аналізу актуальнага стану СМІ рэгіёна і фарміравання прагнозаў развіцця медыйных платформ. Гэтыя і многія іншыя аспекты дзейнасці Інавацыйнага медыйнага кластара Гродзенскай вобласці знайшлі адлюстраванне ў дакументах, падпісаных у ГрДУ імя Янкі Купалы 2 лістапада.
– Ужо не першы год у падрыхтоўцы журналістаў мы вельмі цесна працуем з Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам і з прадстаўнікамі рэгіянальных СМІ, – падкрэсліла рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка. - Гродзенскі рэгіён быў першым у рэспубліцы, у якім з'явіўся Інавацыйны медыйным кластар. Ужо больш за пяць гадоў існуе кластар, і сёння можна сказаць, што ўзаемадзеянне журналістаў, органаў улады і навуковай супольнасці прыносіць свой плён, у першую чаргу, у фарміраванні прафесійных кампетэнцый будучых журналістаў.
Інавацыйны медыйны кластар Гродзенскай вобласці быў створаны ў 2016 годзе. Галоўная мэта, якая стаіць перад удзельнікамі Кластара, - фарміраванне бяспечнай і канкурэнтаздольнай інфармацыйнай прасторы рэгіёну за кошт выпрацоўкі эфектыўных механізмаў узаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання, арганізацый адукацыі, навукі і вытворчасці.