"Насенне будучыні" былі ўпершыню "пасаджаны" кампаніяй "Huawei" у 2008 годзе. З таго часу праграму навучання прайшлі больш за 30 000 чалавек са 126 краін свету. Беларусь далучылася да праекту ў 2015 годзе.
Стаць слухачом праграмы "Насенне будучыні" можа далёка не кожны. Для гэтага трэба прайсці некалькі адборачных этапаў, тым самым даказаўшы сваю матываванасць і жаданне атрымаць новыя кампетэнцыі. Конкурс сярод ахвочых высокі, бо на ўдзел у адукацыйнай праграме прэтэндуюць студэнты з 500 ВНУ свету.
Сёлета прайсці ў 20 лепшых змаглі і студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы. У ліку шчасліўчыкаў студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Карына Бурлакова, студэнтка 3 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Віялета Вашына, студэнт 2 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Валерый Закрэўскі, студэнт 2 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Аляксей Новік.
Праграма накіравана на прыцягненне студэнтаў у сферу ІКТ. У кампаніі Huawei перакананыя, што таленавітыя і адданыя сваёй справе прафесіяналы з'яўляюцца адной з рухаючых сіл устойлівага развіцця.
На працягу васьмі адукацыйных дзён студэнты вывучалі спецыфіку 5G, штучнага інтэлекту, хмарных тэхналогій, бралі ўдзел у групавым праекце "Tech4Good". Пасля заканчэння адукацыйнай праграмы маладыя людзі атрымалі кваліфікацыі ў адным з двух напрамкаў. Тэхнічныя спецыяльнасці (STEM): тэлекамунікацыі, радыёфізіка, штучны інтэлект, інфармацыйныя тэхналогіі, хмарныя вылічэнні, кібербяспека, энергетыка (цеплаэнергетыка, сонечная энергетыка). І нетэхнічныя спецыяльнасці з высокімі вынікамі навучання і імкненнем працаваць у ІКТ-сферы.
На закрыцці мерапрыемства арганізатараў і фіналістаў у анлайн-фармаце прывітала рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка і выказала надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва з кампаніяй «Huawei».