Канферэнцыя адбылася ў рамках ІІІ Міжнароднай біенале прыкладнога мастацтва, якая праходзіць у Ташкенце. Рэктар Купалаўскага ўніверсітэта далучылася да навуковай падзеі ў анлайн фармаце ў якасці ганаровага госця.
Канферэнцыя прайшла на базе Акадэміі мастацтваў Узбекістана. У прывітальным слове Ірына Кітурка выказала падзяку за запрашэнне, а таксама надзею на тое, што яна ў хуткім часе зможа асабіста наведаць калег з Узбекістана.
- Супрацоўніцтва з узбекскімі калегамі мае стратэгічна важнае значэнне для купалаўцаў. Толькі за бягучы год мы заключылі 5 дагавораў аб супрацоўніцтве з універсітэтамі Узбекістана. Гэта вельмі каштоўна, таму што выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял чалавека і ўсяго ўніверсітэта ў прасторы міжкультурнага дыялогу – гэта місія Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, – падкрэсліла Ірына Кітурка.
Дарэчы, у сакавіку гэтага года прарэктар па вучэбнай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Бялых наведаў Ташкент з рабочым візітам. Яго вынікам стала падпісанне Дагавора аб міжнародным супрацоўніцтве з Нацыянальным інстытутам мастацтваў і дызайну імя Камалідзіна Бехзода. Дагавор вызначыў планы сумеснай дзейнасці ў галіне мастацкай адукацыі, магчымасць інтэграцыі ў сусветны мастацкі працэс, стажыроўкі і іншыя напрамкі.
У рамках супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі дацэнт кафедры прыкладной графікі, факультэта дызайну Нацыянальнага інстытута мастацтваў і дызайну імя Камалідзіна Бехзода Серык Пірматаў прыняў удзел у X міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Актуальныя праблемы сусветнай мастацкай культуры. Памяці прафесара У.Д. Разенфельда». Таксама Серык Пірматаў да 15 лістапада прымае ўдзел у праграме Купалаўскага ўніверсітэта «Запрошаны прафесар».