На працягу двух тыдняў рэктар сустракалася са студэнцкім актывам усіх факультэтаў і размаўляла з рабятамі.
Юныя купалаўцы задавалі самыя розныя пытанні. Яны датычыліся ўніверсітэцкага жыцця, гучалі больш глабальныя пытанні, якія тычацца ў цэлым сістэмы адукацыі ў Беларусі. Студэнты не маглі не скарыстацца магчымасцю і не задаць Ірыне Фёдараўне асабістыя пытанні. Адказы на некаторыя з іх былі вельмі цікавымі. Напрыклад, кіраўніка ўніверсітэта спыталі аб тым, ці марыла яна быць рэктарам у студэнцкія гады.
- Шчыра скажу, што не думала і не марыла. У гады майго навучання мы паняцця не мелі, што за чалавек рэктар і чым ён займаецца. Быў фотаздымак на сцяне і подпіс. Гэта значыць, не было зразумела, пра што ўласна марыць. Але зараз сапраўды магу сказаць, што ў мяне цудоўная праца. І мне як рэктару вельмі важныя зносіны са студэнтамі. Я за тое, каб купалаўцы ведалі, чым займаецца кіраўнік і што да мяне можна звярнуцца ў выпадку праблемы, - адказала Ірына Фёдараўна.
Тэме зваротнай сувязі са студэнтамі падчас сустрэч была нададзена асаблівая ўвага. Ірына Кітурка падкрэсліла, што ўсе апытанні і любое анкетаванне аналізуюцца. На аснове гэтага аналізу будуецца далейшая сістэма працы ва ўніверсітэце, таму неабходна да іх сур'ёзна ставіцца.
Важнае месца ў дыялогу заняла тэма вакцынацыі і пандэміі. Гаворачы аб прышчэпках, Ірына Фёдараўна прыводзіла ў прыклад выкладчыкаў, сярод якіх прышчапіліся больш як 90 працэнтаў. Бо галоўная задача сёння засцерагчы сябе ад навакольных і, вядома, сваіх блізкіх. Студэнты цікавіліся, ці можна прышчэплівацца непаўналетнім, ці ўплывае вакцынацыя на донарства крыві і ці праўда, што на практыку ў школы не будуць браць студэнтаў, якія не прайшлі вакцынацыю. І апошняе сцвярджэнне праўдзівае. Таксама шмат якія гарадскія арганізацыі не будуць прымаць да сябе студэнтаў без вакцыны.
Не менш важным стала абмеркаванне прававой пісьменнасці і будучага рэферэндуму, прысвечанага зменам у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ужо працяглы час ідзе праца над новым тэкстам найважнейшага закону ў дзяржаве. Ірына Фёдараўна расказала аб некаторых новаўвядзеннях і паведаміла, што ў хуткім часе будзе магчымасць азнаёміцца з поўным тэкстам дакумента і прагаласаваць на маючым адбыцца рэферэндуме.
Рэктар са студэнтамі абмяркоўвалі пытанні падрыхтоўкі да сесіі. Размова ішла аб назапашвальнай сістэме і рэйтынгу студэнта. Ірына Фёдараўна адзначыла, што гэта дае магчымасць у цэлым ацаніць работу студэнта і не дапускае таго, каб добрай ацэнцы пасадзейнічала толькі ўдача.
Сустрэчы з рэктарам праходзяць два разы на год. Усе зададзеныя пытанні, якія не атрымалі адказ адразу, атрымаюць яго пазней.
.