Рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка і прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Бялых завяршылі рабочую паездку ва Узбекістан. За шэсць дзён яны наведалі сем універсітэтаў-партнёраў. Усе перагаворы прайшлі паспяхова, былі вызначаны асноўныя вектары супрацоўніцтва з замежнымі калегамі.
У мінулую пятніцу Ірына Кітурка і Юры Бялых наведалі з працоўным візітам Какандскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Мукумі. Бакі правялі перагаворы, абазначылі перспектывы ўзаемадзеяння ў 2022 годзе ў рамках ужо існуючага Дагавора аб супрацоўніцтве.
У планах дасягненне папярэдніх дамоўленасцей па некалькіх напрамках.
Стаіць задача рэалізаваць І этап паспяхова дзеючай сумеснай адукацыйнай праграмы спецыяльнасці "Псіхалогія", прадоўжыць работу па прыцягненню грамадзян Рэспублікі Узбекістан на навучанне па сумесных адукацыйных праграмах спецыяльнасцей "Псіхалогія", "Прыкладная матэматыка", "Біяэкалогія", "Выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка".
Акрамя таго, плануецца ўдзел прадстаўнікоў Какандскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Мукумі ў навукова-адукацыйных мерапрыемствах, у тым ліку ў спецыялізаваных летніх школах Купалаўскага ўніверсітэта. Важнай часткай рабочага візіту стала сустрэча са студэнтамі 1 курса сумеснай адукацыйнай праграмы спецыяльнасці "Псіхалогія".
Раней начальнік аддзела па наглядзе за якасцю адукацыі, дацэнт, кандыдат эканамічных навук Какандскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Мукімі Бабаева Наргіза Музафараўна была ўдзельнікам праграмы «Запрошаны прафесар».
У суботу купалаўцы наведалі Ургенцкі дзяржаўны ўніверсітэт, сустрэліся з выкладчыкамі прыродазнаўчага і фізіка-матэматычнага факультэтаў, азнаёміліся з лабараторнымі памяшканнямі, прысутнічалі на занятках і пагутарылі са студэнтамі.
У рамках візіту адбылася сустрэча з кіраўніцтвам Ургенцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і дэканамі ўсіх факультэтаў. На сустрэчы абмяркоўваліся перспектывы сумеснай работы ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж двума ўніверсітэтамі, былі ўнесены прапановы па пашырэнні вектараў узаемадзеяння.
Дарэчы, дэлегацыя Ургенцкага дзяржаўнага ўніверсітэта наведвала ГрДУ імя Янкі Купалы ў маі гэтага года для азнаямлення з універсітэтам і абмеркавання перспектыў сумеснай дзейнасці. У час візіту быў падпісаны дагавор аб міжнародным супрацоўніцтве.
У нядзелю Ірына Фёдараўна і Юрый Эдуардавіч наведалі Каракалпакскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Бердаха. Раней дэлегацыя замежнай ВНУ наведвала Купалаўскі ўніверсітэт, праведзеныя перамовы і зацікаўленасць кіраўнікоў універсітэтаў ва ўзаемадзеянні па розных напрамках адбіліся ў падпісанай дамове аб міжнародным супрацоўніцтве. Цяперашні візіт стаў у адказ. Бакі больш падрабязна абмеркавалі вектары ўзаемадзеяння і яшчэ больш умацавалі існуючыя сувязі.
.