З 4 па 6 студзеня ў Купалаўскім універсітэце рэалізаваўся праект "Стань студэнтам ГрДУ імя Янкі Купалы", арганізатарам якога выступіла кафедра журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Купалаўскага ўніверсітэта. На працягу трох дзён навучэнцы 9–11 класаў устаноў адукацыі Гродна, Брэста і Гродзенскай вобласці былі студэнтамі Купалаўскага ўніверсітэта. Праект завяршыўся ўзнагароджаннем пераможцаў інтэрнэт-праекта для школьнікаў "sm.Art.Well".
Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка, маладыя людзі заўсёды ў цэнтры ўвагі дзяржаўнай палітыкі. Іх развіццю, навучанню і станаўленню заўсёды надаецца шмат увагі.
- Спектр працы з моладдзю шырокі, і прафарыентацыйны кірунак адыгрывае вялікую ролю. Праект "Стань студэнтам ГрДУ імя Янкі Купалы" дапамагае школьнікам вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. І сёння ў Купалаўскім універсітэце мы падводзім вынікі праекта, удзельнікамі якога сталі пераможцы гульні "sm.Art.Well". Ідэя яе стварэння ўзнікла ў рамках працы абласнога медыйнага кластара, - распавёў Ігар Булаўка.
Таксама Ігар Булаўка адзначыў, што ў канцы мінулага года ў рамках падпісання Інавацыйнага медыйнага кластара Гродзенскай вобласці было вызначана, што адной з асноўных задач у 2022 годзе стане вырашэнне кадравых пытанняў і актывізацыя дзейнасці школы юнага журналіста.
Паводле слоў першага прарэктара Купалаўскага ўніверсітэта Юрыя Раманоўскага, работа са школьнікамі, якія прынялі ўдзел у праекце "Стань студэнтам ГрДУ імя Янкі Купалы", будзе працягнута. Бо адна з асноўных задач Інавацыйнага медыйнага кластара - падрыхтоўка матываваных і высокакваліфікаваных спецыялістаў.
– Для таго, каб нацэліць моладзь на ўсвядомлены выбар прафесіі дапамагчы ёй паспяхова здаць усе ўступныя іспыты ва ўніверсітэце, праводзяцца спецыялізаваныя алімпіяды, падрыхтоўчыя курсы, Дні адчыненых дзвярэй і іншыя цікавыя праекты, як, напрыклад, «Стань студэнтам ГрДУ імя Янкі Купалы», – расказаў Юрый Раманоўскі.
У рамках праекта юнакі і дзяўчаты наведвалі навучальныя заняткі студэнтаў спецыяльнасцей "Журналістыка" і "Інфармацыя і камунікацыя", для іх арганізавалі наведванне філіялаў кафедры журналістыкі ў гродзенскіх СМІ і майстар-класы вядучых журналістаў.
Прыемнымі сюрпрызамі сталі экскурсія па вячэрнім Гродне, музычны вечар ад студэнцкага самакіравання і ролевая навучальная гульня ў рамках дысцыпліны "Сучасная прэс-служба", у якой прынялі ўдзел практыкуючыя журналісты. Іншагароднія ўдзельнікі жылі ў інтэрнаце № 6 па вуліцы Дубко і змаглі ў поўнай меры акунуцца ў студэнцкі побыт.
Падчас урачыстай цырымоніі 6 студзеня 2022 года рабяты атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў праекта "Стань студэнтам ГрДУ імя Янкі Купалы", а лепшыя - дыпломы пераможцаў інтэлектуальнага анлайн-праекта для школьнікаў "sm.Art.Well".
Даведачна
Удзельнікі offline-інтэрактыву "Стань студэнтам ГрДУ імя Янкі Купалы" - не выпадковыя маладыя людзі. Усе яны з'яўляюцца пераможцамі інтэлектуальнага анлайн-праекта для школьнікаў «sm.Art.Well», які праводзіўся кафедрай журналістыкі з 26 лістапада па 29 снежня 2021 года.
У інтэлектуальным марафоне, накіраваным на павышэнне культуры карыстання сацыяльнымі медыя, прынялі ўдзел больш за 50 маладых людзей са школ і гімназій Гродна, Брэста і Гродзенскай вобласці.
Разгадваючы рэбусы і адказваючы на пытанні ў Instagram, рабяты даведаліся шмат новага аб сферы медыя, аб мове і культуры, пазнаёміліся з творамі мастацтва і гістарычнымі сюжэтамі, атрымалі магчымасць паглыбіць свае веды па прадметах ЦТ.
Інтэрнэт-праект для школьнікаў "sm.Art.Well" рэалізаваны ў рамках работы Інавацыйнага медыйнага кластара Гродзенскай вобласці пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, рэдакцыі абласной газеты "Гродзенская праўда" і рэдакцый раённых газет Гродзенскай вобласці. Усе этапы анлайн-гульні атрымалі асвятленне на старонках выданняў.