Абмеркаванні змен у Асноўны Закон пачаліся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў студзені. Спачатку да дыскусіі запрасілі супрацоўнікаў, а затым студэнтаў, якія на працягу лютага размаўлялі з запрошанымі спікерамі. Завяршальнай стала дыялогавая пляцоўка з удзелам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка, дырэктара Нацыянальнай школы прыгажосці, члена Канстытуцыйнай камісіі Бажэны Ярэміч і рэктара Купалаўскага ўніверсітэта Ірыны Кітурка.
Як адзначыла Ірына Фёдараўна, кожная дыялогавая пляцоўка была ўнікальнай для купалаўцаў. У якасці спікераў з моладдзю размаўлялі знакавыя не толькі для вобласці, але і краіны людзі, аўтарытэтныя асобы, якія з вышыні свайго вопыту могуць даступна і зразумела гаварыць аб будучым Рэферэндуме і змяненнях у Канстытуцыю.
- Завяршальная дыялогавая пляцоўка атрымалася не менш яркай, чым папярэднія ёй. Прыемна, што да нас змог далучыцца Уладзімір Сцяпанавіч і наша выпускніца Бажэна Віктараўна. Сёння дыялог ішоў з прафесіяналамі, з моладдзю, якая мае прамое дачыненне да прававой галіны - студэнтамі юрыдычнага факультэта. Кожная дыскусія была сур'ёзнай, шчырай і цікавай. Вельмі цудоўна, што моладзь задавала часам правакацыйныя і вострыя пытанні. Гэта сведчыць аб дапытлівасці яе розуму і неабыякавасці, - падкрэсліла Ірына Фёдараўна і выказала ўпэўненасць у тым, што моладзь прыйдзе на Рэферэндум і аддасць свой голас за лепшую будучыню Беларусі.
Важнасць такіх дыскусійных форумаў падкрэсліў Уладзімір Каранік, якому ў час дыялогавай пляцоўкі было адрасавана нямала пытанняў. Студэнты скарысталіся ўнікальнай магчымасцю пагутарыць напрамую з кіраўніком вобласці.
- Наша задача як прадстаўнікоў органаў улады адказаць на ўсе пытанні, якія ёсць у маладога пакалення, для таго, каб забяспечыць пераемнасць пакаленняў і пачуць іх меркаванне. Мяне вельмі радуе, што дыялогавыя пляцоўкі, якія ў сутнасці зарадзіліся ў сценах Купалаўсакага ўніверсітэта, не зніжаюць абаротаў, і дыскусіі з разу ў раз атрымліваюцца жывымі, напал эмоцый не спадае. Мы сапраўды бачым актыўнасць моладзі і яе жаданне мяняць сітуацыю да лепшага, - падкрэсліў Уладзімір Каранік.
Бажэна Ярэміч у сваім выступе спынілася на асноўных зменах, а таксама як член Канстытуцыйнай камісіі расказала пра тое, як прымаліся рашэнні, якія прапановы выклікалі найбольш гарачыя абмеркаванні. Ёй таксама было адрасавана нямала пытанняў.
- Я была ўдзельнікам шматлікіх дыялогавых пляцовак і выразна заўважыла актыўную пазіцыю маладых людзей. Яны задавалі шмат пытанняў, якія тычыліся артыкулаў, прысвечаных моладзі і ахове здароўя, іх цікавілі моманты, якія датычацца інстытута сям'і і, вядома, новага статусу Усебеларускага народнага сходу, - распавяла Бажэна Ярэміч. - Моладзь - ужо не будучыня краіны, мы - сучаснасць, і мы нясем адказнасць за нашу краіну, за тое, як у ёй будуць жыць нашы дзеці.
Нагадаем, 27 лютага беларусам трэба зрабіць выбар, якім будзе Асноўны Закон нашай краіны. Прагаласаваць на Рэспубліканскім рэферэндуме можна датэрмінова з 22 да 26 лютага. Пры гэтым афіцыйнага пацверджання прычын немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання 27 лютага не патрабуецца.
У перыяд датэрміновага галасавання ўчасткі будуць адчыненыя з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. У асноўны дзень галасавання, 27 лютага, узяць удзел у галасаванні можна будзе з 8.00 да 20.00.