Дыялогавая пляцоўка “Захоўваючы гісторыю – будуем будучыню” з удзелам Аляксандра Карлюкевіча 31 сакавіка прайшла ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Да адкрытага дыялогу аб важнасці захавання гісторыі і культурнай спадчыны Беларусі, які прысвечаны Году гістарычнай памяці, далучыліся студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі Купалаўскага ўніверсітэта.
Ад імя рэктара Ірыны Кітурка павітаў і прадставіў госця аўдыторыі прарэктар па выхаваўчай працы Васіль Сянько. Ён павіншаваў Аляксандра Мікалаевіча з нядаўнім прызначэннем на пасаду старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі і пажадаў значных дасягненняў і поспехаў на новым месцы працы.
На пачатку свайго выступлення Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што яму прыемна знаходзіцца ў Купалаўскім універсітэце, у тым ліку і таму, што тут створаны не проста музей, які захоўвае памяць, але сапраўдны музейна-адукацыйны партал.
Сваю прамову ён прысвяціў тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
– Сёння добрая нагода для ўсіх нас яшчэ раз асэнсаваць цярністы шлях нашага народа да незалежнасці і ўласнай дзяржаўнасці, скласці ў адно цэлае старонкі нашай няпростай гісторыі як гераічнай, так і трагічнай, данесці да свету праўду пра генацыд беларускага і іншых народаў на тэрыторыі Беларусі. Мы абавязаны гэта зрабіць, перш за ўсё, для нашых дзяцей і ўнукаў. Яны павінны ведаць цану міру і свабоды, якія здабываліся многімі пакаленнямі, – падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Аляксандр Карлюкевіч расказаў пра тое, што Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь ужо правяла каласальныя даследаванні, апытана каля трынаццаці тысяч сведкаў, што валодаюць інфармацыяй, з іх больш за сем – непасрэдныя сведкі тых жудасных падзей, у якіх вінаваты фашысты, нацыянал-фашысты, якія жадалі знішчыць нашу тэрыторыю і народ Беларусі. Генацыд – гэта тыя падзеі, якія не маюць тэрміна даўнасці ў характары сваіх пакаранняў. Трэба паглядзець, колькі мы панеслі людскіх, маральных стратаў, і што свет павінен ведаць пра гэта. Калі будзе выкладзена як мага болей інфармацыі, тады будзе лягчэй разбірацца і моладзі.
– Часта ў каментарах электронных СМІ і сацыяльных сетках узнікае пытанне: чаму менавіта пасля наступстваў падзей жніўня 2020 года ўзнікла тэма генацыду. Дык вось менавіта цяпер прыйшоў час нагадаць свету пра тое, што было здзейснена ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі. Час узнавіць сляды. Таму невыпадкова сёлетні год абвешчаны Годам гістарычнай памяці, – адзначыў спікер.
Сотні беларускіх вёсак трапілі пад генацыд. Таму Аляксандр Мікалаевіч нагадаў словы Прэзідэнта аб тым, што патрэбна, каб у кожным з рэгіёнаў Беларусі былі добра ўшанаваны нашыя продкі, якія загінулі альбо былі забіты фашысцкімі карнікамі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
У зацікаўленай, усхваляванай размове аб гістарычнай памяці, аб жыццёва важнай неабходнасці абараняць і адстойваць гістарычную праўду і памятаць пра тое, чаго забываць нельга, таксама прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта. Акрамя таго, падчас адкрытага дыялогу актыўна абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з літаратурным краязнаўствам Беларусі і выдавецкай дзейнасцю.