Сёння, 6 мая, завяршыўся маштабны V Рэспубліканскі грамадзянска-патрыятычны марафон "Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь!". Фінал атрымаўся феерычным, нават нягледзячы на тое, што нябесная канцылярыя арганізавала ўдзельнікам марафону няпростыя ўмовы надвор'я.
На працягу двух дзён 18 каманд-удзельніц спаборнічалі ў самых розных конкурсах, якія дазволілі рабятам праявіць сябе з усіх бакоў. У завяршальны, трэці дзень, марафонаўцы павінны былі сысціся ў спартыўных спаборніцтвах на стадыёне Гродзенскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву, але лівень унёс свае карэктывы...
Май не мог пакінуць усіх нас зусім без свята, таму ўрачысты мітынг з ускладаннем кветак да помніка воінам-вызваліцелям горада Гродна ў парку імя Жылібера адбыўся, як і святочнае шэсце ўдзельнікаў ад Вечнага агню да стадыёна, дзе ад імя ганаровых гасцей моладзь прывітаў начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Эдуард Тамільчык. Ён адзначыў важнасць гэтага марафону напярэдадні Дня перамогі і падзякаваў моладзі за яе неабыякавасць і патрыятызм.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка адзначыў, што марафон мае глыбокі сэнс і робіць вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі.
- Мне пашчасціла быць часткай марафону на працягу яго пяцігадовай гісторыі. Я шчыра рады, што ў мяне ёсць магчымасць акунуцца ў атмасферу маладосці і патрыятызму. Дзеці кожны год актыўна бяруць удзел у марафоне, рыхтуюцца, укладваюць душу ў конкурсы. Падзея прымеркавана да Дня Перамогі, што вельмі важна, бо ўсё больш і больш праходзіць часу, і неабходна, каб моладзь захавала памяць аб подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў, перадала яе далей у стагоддзі. Ні ў якім разе нельга страціць тую сілу Вялікай Перамогі, якая была заваяваная нашымі абаронцамі. Мы павінны ганарыцца сваёй гісторыяй, Радзімай, якая па праве займае дастойнае месца сярод усіх краін свету, - адзначыў Анатоль Дарожка.
У патрыятычным марафоне бралі ўдзел 12 каманд вышэйшых навучальных устаноў і ўпершыню сёлета 6 каманд сярэдніх навучальных устаноў, расказала рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
- Марафон - гэта свята маладосці, жыцця, вясны, патрыятызму грамадзянскасці і, вядома, сяброўства. Вельмі важна, што мерапрыемствы ў межах марафону збіраюць на Гродзеншчыне моладзь з усёй краіны на працягу пяці гадоў. Сёння на стадыёне ў традыцыйным шэсці бяруць удзел больш за 500 удзельнікаў. Кожны з іх выпраменьвае радасць і крэатыў. Станоўчыя эмоцыі зашкальваюць! Нягледзячы на тое, што наш марафон - гэта спаборніцтва, каманды актыўна падтрымліваюць адна адну, - падкрэсліла рэктар.
У сувязі з умовамі надвор'я арганізатары прынялі рашэнне сёлета не праводзіць спартыўную частку марафону, а перайсці да ўзнагароджання ў актавай зале па вуліцы Леніна. Гэтыя абставіны не сапсавалі свята! Удзельнікі марафону ў чаканні вынікаў устроілі сапраўдную буру эмоцый! Яны спявалі і танчылі, скандавалі крычалкі, весяліліся на поўную!
А месцы размеркаваліся наступным чынам сярод вышэйшых навучальных устаноў.
3 месца ўзялі Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава і Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт!
2 месца ў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна!
1 месца заваяваў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт!
Гран-пры ў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы!
Сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі месцы размеркаваліся наступным чынам!
3 месца ў Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа!
2 месца заваяваў Гомельскі дзяржаўны прафесійны аграрна-тэхнічны ліцэй!
1 месца падзялілі Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж і Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага!
Акрамя таго, журы вызначыла спецыяльныя намінацыі. У намінацыі “Моладзь. Ініцыятыва. Будучыня" лепшымі сталі Гомельскі дзяржаўны прафесійны аграрна-тэхнічны ліцэй і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
У намінацыі "Да абароны Айчыны гатовы" пераможцамі сталі Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
У намінацыі "Знаўцы зямлі роднай" перамогу забралі Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна.
У намінацыі "Разам - у абарону жыцця, маральнасці і сямейных каштоўнасцяў" лепшымі сталі Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж і Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна.
Пасля абвяшчэння вынікаў рабяты ад усёй душы віншавалі адзін аднаго, абдымаліся, фатаграфаваліся і рабілі мора пастоў у сацыяльных сетках!
Мы не развітваемся, а кажам: "Да новых сустрэч!"