8 мая каля мемарыяльнага комплексу воінам-пагранічнікам адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны Дню Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага флага, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі, супрацоўнікі, выкладчыкі і студэнты Купалаўскага ўніверсітэта!
На ўрачыстай цырымоніі ля мемарыяла госці свята праспявалі гімн Рэспублікі Беларусь, лепшыя навучэнцы ўніверсітэтаў удастоіліся права ўзняць сцяг роднай краіны і вымавіць клятву вернасці Рэспублікі Беларусь.
Сярод лепшых прадстаўнікоў універсітэтаў Гродзеншчыны - курсант 4 курса ваеннага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта Яўген Макарук.
- Сёння Беларусь па праве ганарыцца тым, што годна выхоўвае будучыя пакаленні, захоўваючы і перадаючы ім памяць аб гераізме нашых продкаў, прывіваючы пачуццё гонару і адказнасці за сваю краіну. Гэтае свята аб'ядноўвае ўсе пакаленні грамадзян і дае магчымасць кожнаму з нас з асаблівым адчуваннем гонару і адказнасці адчуць сябе часткай сваёй краіны, - сказаў Яўген Макарук.
Важнасць свята адзначыў студэнт 3 курса факультэта біялогіі і экалогіі, старшыня маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў Вадзім Гунько.
-Для мяне беларускія традыцыі, культура і суверэнітэт - гэта наша перамога. Наша краіна мае багатую гісторыю, якую трэба шанаваць і памятаць. Асабліва важна казаць пра гэта ў Год гістарычнай памяці, бо наша гісторыя і подзвігі беларускага народа - наш здабытак і гонар, - падкрэслівае Вадзім. - Дзяржаўная сімволіка Беларусі - гэта тое, што адрознівае нас ад іншых краін.
Пасля ўрачыстага мітынгу купалаўцы адправіліся да памятнага знака на гарадскіх могілках "Аульс", каб ушанаваць памяць савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.