У маі філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы традыцыйна адзначае Дні славянскага пісьменства і культуры ў партнёрстве з прафкамам студэнтаў, БРСМ, навуковай бібліятэкай ГрДУ і абласной бібліятэкай імя Я.Ф. Карскага.
У рамках Дзён славянскага пісьменства і культуры-2022 у чытальнай зале навуковай бібліятэкі 24 мая адкрылася графічная майстэрня па навучанні тонкасцям старажытнага кірылічнага пісьма. Студэнт 1 курса філалагічнага факультэта Сямён Саладоўнікаў даў майстар-клас па напісанні літар, стылізаваных пад статут. Ганна Шыш і Анастасія Багатка прапаноўвалі гасцям пабываць у ролі старажытнага перапісчыка і паспрабаваць напісаць кірыліцай назву і найважнейшыя ў іх жыцці словы.
Навуковая бібліятэка ГрДУ і аддзел замежнай літаратуры абласной бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага падрыхтавалі выставу "Святло славянскай кнігі", дзе наведвальнікі могуць пазнаёміцца з даследаваннямі, якія адлюстроўваюць асноўныя этапы развіцця славянскага пісьменства, і мастацкімі творамі на розных славянскіх мовах. Таксама ў бібліятэцы ахвочыя могуць убачыць найлепшыя конкурсныя работы шматгадовага праекта “Гаваркая літара”.
Вядучыя літаратурна-музычнай кампазіцыі “Напачатку было СЛОВА” Ангеліна Янкелайць, Ганна Гук, Данііл Станілка, Уладзіслаў Станкевіч пазнаёмілі прысутных з гісторыяй стварэння славянскай азбукі, развіццём славянскага пісьменства, жыццём і дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія. Адкрываючы літаратурна-музычную кампазіцыю, дэкан філалагічнага факультэта Святлана Ганчар адзначыла сімвалічную блізкасць дат: 24 мая ў славянскіх краінах адзначаецца як дзень памяці стваральнікаў славянскай азбукі і свята багатай славянскай кнігапіснай культуры, а 25 мая – Дзень філолага, прафесійнае свята людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё філалогіі, лінгвістаў, літаратуразнаўцаў, настаўнікаў і выкладчыкаў у галіне мовы і літаратуры, бібліятэкараў, перакладчыкаў-філолагаў.
У праграме канцэрта гучалі вершы і песні на розных славянскіх мовах, а таксама творы ўласнага сачынення. Верш на македонскай мове прачытала Анастасія Магер, на балгарскай - Вікторыя Баранава і Валерыя Захараўская, на сербскай - Дар'я Дзяшук. З заходнеславянскімі мовамі пазнаёмілі прысутных Сямён Саладоўнікаў, Юлія Гінак, Ксенія Худаба. Уласныя вершы прадставілі Кацярына Някрэвіч, Дар'я Дзяшук.
Парад літар у выкананні студэнтаў 1 курса філалагічнага факультэта спецыяльнасцей "Руская філалогія" і "Беларуская філалогія" атрымаўся яркім і маляўнічым.
Асобным блокам праграмы была серыя інтэлектуальных гульняў і Алімпіяда па стараславянскай мове. У супергульні «Іду на ВЫ» удзельнічала тры каманды знаўцаў. Гульня дазволіла праявіць кемлівасць і творчыя здольнасці. Пераможцам стала каманда "Аз", названая па першай літары старажытнага алфавіту. Рабяты аказаліся лепшымі ў веданні асноўных этапаў жыцця і дзейнасці роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія, гісторыі развіцця пісьменства на славянскіх землях, стараславянскіх лексічных элементаў у рускіх фразеалагізмах. На апошнім этапе спаборніцтва, які патрабуе ведання прыказак аб навуцы і адукацыі, вызначыўся ўладальнік другога месца - каманда "Дзеяслоў". Трэцяе месца ў каманды "Дабро".