Першы дзень лета заўсёды сустракаецца з асаблівым трапятаннем. І хоць сёння надвор'е зусім не летняе, выхаванцы Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця атрымалі шмат цяпла ад гасцей, якія прыйшлі да іх на свята. А іх у рабят было нямала! Да віншаванняў далучыліся і купалаўцы.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аксана Котава, кіраўнік Валанцёрскага цэнтра ГрДУ імя Янкі Купалы Валянціна Есіна, а таксама студэнткі 1 курса юрыдычнага факультэта Аліна Дудзюк і Вікторыя Цапкова.
Купалаўцы падарылі хлопчыкам і дзяўчынкам канцылярскія прылады, кнігі, сабраныя падчас валанцёрскай акцыі, якая прайшла на юрыдычным факультэце. Таксама Аксана Котава перадала дому-інтэрнату віншаванні ад рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Кітуркі і грашовы сертыфікат.
Дарэчы, прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы ўваходзяць у Апякунскі савет пры Васілішкаўскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Штогод студэнты-валанцёры і выкладчыкі наведваюць дом-інтэрнат, праводзяць там святочныя мерапрыемствы, арганізуюць у горадзе і ўніверсітэце акцыі, накіраваныя на дапамогу выхаванцам.