26 курсантаў, якія завяршаюць навучанне па спецыяльнасці "Тылавое забеспячэнне войскаў", здавалі практычную частку дзяржаўнага экзамену ў палявых умовах. Перад імі былі пастаўлены сур'ёзныя тылавыя задачы, акрамя таго ім трэба было адбіць напад ворага. З ходам працэдуры здачы экзамену азнаёміліся памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, а таксама дэканы факультэтаў Купалаўскага ўніверсітэта.
Пры правядзенні іспыту выкарыстоўваецца праектны метад. Заключнай становіцца практычная частка, дзе маладыя людзі дэманструюць усе атрыманыя веды. На тэрыторыі ваеннага факультэта экзаменуемыя разгарнулі элементы палявога харчовага пункта, палявую лазню, а таксама рэчавую рамонтную майстэрню. Ролі на іспыце размяркоўваліся ў адпаведнасці з выцягнутымі білетамі.
Маладыя людзі згодна з усімі правіламі і ўстаноўленымі нормамі забяспечвалі надзейны тыл, які адыгрывае ключавую ролю ў захаванні баяздольнасці войскаў. Як адзначыў Юрый Караеў, узровень падрыхтоўкі курсантаў на ваенным факультэце высокі і не выклікае нараканняў. Выкладчыкі ўвесь час удасканальваюць сваё майстэрства і сістэму навучання.
– Калі я ўзначальваў унутраныя войскі, працаваў з выпускнікамі Купалаўскага ўніверсітэта, і заўсёды гэта былі годныя спецыялісты, на якіх можна спадзявацца. Сёння курсанты дэманстравалі свае навыкі ў адпаведнасці з рэаліямі часу і тымі лакальнымі канфліктамі, што ўспыхваюць у свеце. Вельмі часта напады дыверсійных груп адбываюцца менавіта на тылавыя і тэхнічныя калоны, якія з'яўляюцца ўразлівым месцам войска. Таму іх трэба ўмець абараняць і аберагаць. У сувязі з гэтым быў адпрацаваны экзаменацыйны сцэнар з нападам дыверсійнай групы, - распавёў Юрый Караеў.
Напад быў зымітаваны вельмі рэалістычна. Курсанты працавалі дакладна, зладжана і паспяхова адбілі напад, абараніўшы тылавы пункт.
- Такі практычны іспыт выразна дэманструе, чаму навучыліся курсанты падчас навучання. Дадзеная форма праверкі ведаў функцыянуе на факультэце чацвёрты год. Асаблівасць здачы іспыту праектным метадам заключаецца ў тым, што курсанты ацэньваюцца не па адзіночцы, а ў камандзе. У рэальных умовах зладжанасць узаемаадносін паміж вайскоўцамі вельмі важная, - адзначыў начальнік ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Лявонцій Паўлаў.
Старшыня дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі намеснік начальніка харчовага ўпраўлення Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Сяргей Мухаедаў другі год ацэньвае ўзровень падрыхтоўкі курсантаў. Ён адзначыў, што, як і ў мінулым годзе, маладыя людзі паказалі цвёрдыя тэарэтычныя і практычныя веды.
Усе 26 экзаменуемых паспяхова вытрымалі дзяржэкзамен і гатовы да нясення службы. Такой была рэзалюцыя сяброў экзаменацыйнай камісіі. Літаральна на днях выпускнікі даведаюцца, куды менавіта яны адправяцца на службу, а 25 чэрвеня атрымаюць дыпломы аб вышэйшай адукацыі і развітаюцца з роднай Alma mater.